Разгон альбо Скокі чорных гарылаў
27- 11.04.2008, 13:36
Дэпутаты Вярхоўнага Савету распавядаюць на старонках "Народнай Волі" пра падзеі, якія адбыліся ў парламенце неўзабаве пасля прыходу да ўлады А.Лукашэнкі, у 1995 годзе. Дэпутатаў, якія абвясцілі галадоўку, збівалі супрацоўнікі спецлужб наўпрост ў Авальнай залі.
РАЗГОН
На пачатку 1995 г. ён запатрабаваў сабе неабмежаваных паўнамоцтваў, адкрыта заявіўшы, што пакліканы пакласці канец "разгулу экстрэмісцкіх і мафіёзных элементаў" ("Звязда". 1995. 20 лістапада), бо народ стаміўся ад бяздзейнасці ўлады, ад бясконцага спадзявання на яе. У прэзідэнцкім атачэнні паставілі за мэту выдаліць з палітычнай сцэны дзейны парламент, зрабіць сілавыя міністэрствы паслухмянымі інструментамі прэзідэнцкай волі і спаралюшваць любое праяўленне грамадскай апазіцыі. 1 студзеня 1995 года А.Лукашэнка прапанаваў выключыць з Закона аб Вярхоўным Савеце артыкул аб тым, што "Вярхоўны Савет з'яўляецца гарантам замацаваных у Канстытуцыі і законах і міжнародных абавязаннях дзяржавы правоў і свабод грамадзянаў Беларусі, арганізоўвае кантроль за іх выкананнем". Вярхоўны Савет яму адмовіў, і А.Лукашэнка публічна заявіў, што не збіраецца больш хадзіць у Вярхоўны Савет, дзе яго абавязкова "збэсцяць, стопчуць і здраднікам аб'явяць" (Шестнадцатая сессия Верховного Совета Республики Беларусь ХII созыва. Бюллетень №93. С.97).
15 сакавіка 1995 года А.Лукашэнка выклаў у тэлеэфіры сваю ідэю рэферэндуму па мовах, саюзе з Расіяй, нацыянальна-дзяржаўных сімвалах і адначасова прапанаваў Вярхоўнаму Савету самараспусціцца. Ён пагражаў, што калі дэпутаты на працягу тыдня не разгледзяць беларуска-расійскі дагавор і не разыдуцца добраахвотна, то ён зробіць захады, каб навесці парадак: "Ніякай абсалютнай улады мне б не хацелася, але я вымушаны прымаць адпаведныя меры" ("Звязда". 1995. 28 лістапада). Калі ж апазіцыя ў Вярхоўным Савеце запрацівілася падобнаму ціску і на знак пратэсту абвясціла 11 красавіка 1995 года галадоўку, Лукашэнка запатрабаваў "эвакуаваць" дэпутатаў з Дома ўрада.
Гэтак сканаў Вярхоўны Савет ХII склікання — парламент, які "жыў грэшна і пакончыў смешна". Апазіцыя аказалася ў ім "запалам у іржавай гранаце", а сам Вярхоўны Савет уласнаручна падпісаў сабе смяротны вырак.
Такое магло здарыцца выключна ў барацьбе за неабмежаваную ўладу праз адсутнасць супрацьвагі аўтарытарызму ў выглядзе грамадзянскай супольнасці. У выніку ў краіне знішчаны каштоўны прынцып дэмакратыі — падзел уладаў, які не дазваляе дамінаваць ніводнай яе галіне. Парушаны баланс непазбежна асуджае грамадства на валюнтарызм і аўтарытарызм як з боку аднаго чалавека, які знаходзіцца на версе піраміды ўлады, так і з боку тых, хто гэтым чалавекам прызначаецца на тую ці іншую пасаду.
Вось пра гэты пераходны працэс у найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі і вёў я гаворку з дэпутатамі былога Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. Мае суразмоўцы, апроч старшыні прэзідыума ВС М.Грыба, якраз паходзяць з асяродку сяброў тагачаснага БНФ, на якіх паставілі таўро ворагаў народу, "экстрэмістаў, нацыяналістаў, фашыстаў, раскольнікаў, дэструктыўных сілаў" і г. д. Усе яны маглі шчыра адказваць на мае пытанні, і я старанна занатоўваў іх успаміны. Аднак з розных прычын некаторыя адмовіліся ад гутаркі. Іншыя абмежаваліся, як відаць з тэкстаў, занадта сціплымі выказваннямі. Сведчанні нябожчыка І.Герменчука, а таксама выступы А.Лукашэнкі і М.Цесаўца друкуюцца без выняткаў паводле стэнаграмы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета ХII склікання, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. (Прамовы апошніх двух падаюцца ў перакладзе на беларускую.) Таму, зразумела, цяжка назваць прыведзеныя тэксты сапраўднымі мемуарамі. Але можна не сумнявацца, што яны падштурхнуць усіх незадаволеных дапоўніць іх больш дакладнымі і праўдзівымі звесткамі.
Яўген Анішчанка.
СКОКІ ЧОРНЫХ ГАРЫЛАЎ
…Праз некалькі месяцаў кіравання А.Лукашэнкі з'явіўся антыкарупцыйны даклад С.Антончыка — ён ужо абвінавачваў у карупцыі блізкае атачэнне Лукашэнкі, ягоных паплечнікаў і хаўруснікаў на выбарах.
Лукашэнка знаходзіўся ў зале пасяджэнняў, сачыў, прыкрыўшы твар рукой, за рэакцыяй дэпутатаў. Пасля дакладу я на гасцявых месцах чакаў міністра, з якім трэба было перакінуцца словам. Побач сядзеў А.Фядута. Падышоў Лукашэнка і ў рэзкай форме запатрабаваў ад Фядуты: "Аніякіх дакладаў у прэсе быць не павінна". Фядута развёў рукамі, спрабаваў нешта казаць. "Ніякай прэсы, адказваеш галавой". Назаўтра ўсе газеты ў Беларусі выйшлі з белымі плямамі...
Усе дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня добра ведалі дэпутата А.Лукашэнку і ягоныя здольнасьці. Таму прэзідэнт А.Лукашэнка пачуваўся дыскамфортна ў зале пасяджэнняў. Мяркую, гэта і было адной з прычынаў абвяшчэння рэфэрэндуму 1995 года.
Пра галадоўку ў Вярхоўным Савеце я даведаўся ў інстытуце. У той час я атрымліваў другую адукацыю і здаваў экзаменацыйную сесію. У інстытут, дзе я навучаўся, прыехалі дэпутаты А.А.Янец і А.Э.Вярцінскі. Яны мне і паведамілі, што ў зале Вярхоўнага Савета дэпутаты ад апазіцыі абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць запланаванага рэферэндуму. Я прыязджаю ў Вярхоўны Савет і бачу, што дэпутаты ад апазіцыі сядзяць вакол трыбуны. Сумненняў быць не магло: там і маё месца. Заканчваецца пленарнае пасяджэнне, усе пачынаюць разыходзіцца. З намі застаюцца журналісты, прыязджаюць прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў, прывозяць спальныя мяхі і мінеральную ваду. Лекар тлумачыць нам, што вады мы павінны піць не менш як тры літры на дзень. Інакш чакае абязводжванне арганізма. Увечары ахова на чале з М.М.Цесаўцом выгнала ўсіх журналістаў.
Каля 23-й гадзіны да нас прыходзяць вайскоўцы і гавораць, што зала замініраваная і мы мусім яе пакінуць. Разумеем, што гэта надумана, але тым не менш размова носіць нервовы характар. Я прапаную палкоўніку, які прывёў вайскоўцаў, агледзець нашыя рэчы, затым па чарзе — усе сектары залы, а мы, каб не замінаць, пяройдзем у агледжаны сектар. Палкоўнік пагаджаецца. Вайскоўцы, відавочна, першых дзён службы, калі меркаваць па тым, як запраўленая іх вопратка, пачынаюць аглядаць залу, абмацваць выбарачна некаторыя крэслы. Самае галоўнае, што мы знайшлі ўзаемапаразуменне. Палкоўнік бачыць увесь абсурд таго, што адбываецца, і адчувае сябе праз адведзеную яму ролю відавочна ніякавата. Лёня Зданевіч за гэты час зрабіў сяброўскі шарж і падараваў яго палкоўніку. На развітанне мы паціснулі адзін аднаму рукі, вайскоўцы пакінулі залу. Да ўсеагульнага задавальнення мы здолелі пазбегнуць усялякіх эксцэсаў.
Гэты час выдаўся для мяне даволі напружаным. Да абеду я быў на пленарных пасяджэннях, пасля абеду — іспыты ў інстытуце, на падрыхтоўку заставалася ноч. Я папросту не высыпаўся. Здымаю з сябе пінжак, вешаю на спінку крэсла, таму што пераапрануцца не было ў што. Сцялю спальны мех і мару толькі пра адно: выспацца. Праз некаторы час ізноў з'яўляецца Цесавец з брытагаловымі мацакамі ў скуранках, падобнымі да бандытаў з расійскіх баевікоў. Мы садзімся ў сектары Прэзідыума, бяром пад локці адзін аднаго, сашчэпліваем рукі ў замок. Чуем ультыматум Цесаўца: неадкладна вызваліць залу. Лёня Зданевіч спрабуе звярнуцца да ягонага сумлення: "Міша, ты ж побач сядзіш, як ты потым будзеш глядзець нам у вочы?" Тым не менш даецца каманда выдаліць нас з залы. Брытагаловыя спрабуюць вырваць Барыса Гюнтэра, які сядзіць каля мяне. Да іх звяртаецца Алег Трусаў: "Падумайце, што вы робіце? Вас усіх будуць судзіць". Гюнтэра пакідаюць у спакоі. "Няхай начальства само разбіраецца", — з гэтымі словамі, лаючыся матам, брытагаловыя сыходзяць.
Будынак Вярхоўнага Савета — тыповая пабудова сталінскага часу. Зала пасяджэнняў мела авальную форму. Уверсе — галерэя. Там знаходзіліся два ці тры кінааператары, якія бесперапынна вялі здымкі з розных пунктаў. Здымкі не спыняліся нават тады, калі дэпутаты пераапраналіся. На ўсе заўвагі яны не рэагавалі. Пачуўся тэлефонны званок: у зале пасяджэнняў былі два тэлефоны, якія пазней адключылі. Я падняў слухаўку. Званіла польская журналістка. Яна папярэдзіла, што ў двор Вярхоўнага Савета з'язджаюцца вайсковыя машыны з вайскоўцамі ў незнаёмай ёй форме. Час позні, мы вырашылі класціся спаць і прызначыць дзяжурных. Першымі неслі варту В.Голубеў і С.Антончык. Я лёг і адразу заснуў. Пабудзіў гучны крык: "Вайскоўцы!" Адразу запалілася святло. Пачуўся тупат сотняў ботаў. Ва ўсе адчыненыя дзверы пачалі ўбягаць узброеныя вайскоўцы. Яны запоўнілі як верхнюю, так і ніжнюю галерэю па ўсім перыметры залы. Мы зноў занялі свае месцы. З левага боку ад мяне сядзеў У.Заблоцкі, а з правага боку — М.Маркевіч.
Увайшоў Цесавец: "Даю вам пяць хвілінаў, каб пакінуць залу", — і выйшаў. Праз паўхвіліны ўсе дзверы расчыніліся зноў. У залу ўбягалі людзі ў чорным — іх было тры групы. Адрозніваліся яны тым, што ў першай былі больш вузкія шчыліны для вачэй, у другой было відаць нават частку носа, трэцяя — таксама ў масках — мела паўвайсковую форму. Усе тры групы з разгону скакалі ў сектар, дзе мы сядзелі. Нечакана падхапіліся Зянон Пазьняк і Ігар Гермянчук. Яны сарвалі маскі з нападнікаў, і тыя ўпалі на падлогу, закрываючы твары. Яны ўсведамлялі, што рабілі. Усё відовішча нагадвала танец чорных гарылаў. Яны працягвалі скакаць нават адзін на аднога, таму што нашых целаў ужо не было відаць. Першым адарвалі М.Маркевіча, потым Заблоцкага. Адна з "гарылаў" абхапіла маю галаву ззаду і пачала круціць. Ад болю я выгнуўся — і мяне заклініла паміж іх шэрагамі. Пабачыўшы, што нічога не атрымліваецца, мяне пачалі круціць у іншы бок. У той жа час чарговая "гарыла" скочыла з разгону нагамі мне на грудзі. Я адчуў рэзкі боль у хрыбце і страціў прытомнасць.
Ачомаўся я, калі мяне выцягнулі наверх. Вайскоўцы збіралі раскіданыя па зале рэчы. Мяне паставілі на ногі, заламаўшы рукі за спіну, і перадавалі з рук у рукі, з каманды ў каманду. У руках за спінай я трымаў дыпламат. Мяне падвялі да дзьвюхстворкавых дзвярэй. Адну палову ўжо закрылі, і каб прайсці ўтрох, ім давялося мяне прыўзняць. Рэзкі крык — і мяне зноў сагнулі. У фае я паспеў убачыць некалькі шэрагаў вайскоўцаў. На падлозе чамусьці ляжалі кулямёты. З левага боку стаялі таксама амаль шэрагам людзі ў цывільным, з добра начышчаным абуткам. Магчыма, хтосьці з іх, баючыся, што я іх пазнаю, і крыкнуў, каб мяне нахілілі. Мне трымалі рукі заломленымі за спіну. З аднаго боку быў чалавек невысокага росту, а з другога — бамбіза. Гэта стварала дадатковы боль. Мяне прыўзнялі ў паветры і з усяго маху ўдарылі спінай аб сцяну так, што заняло дых, а потым бегма панеслі па лесвіцы, усё ў тым жа сагнутым стане. Гэта паўтаралася некалькі разоў. "Гарылы" выпраўлялі сваю памылку і дэманстравалі майстэрства людзям у цывільным. Не бачыць яны гэтага не маглі.
Гэтак мяне выцягнулі на вуліцу, і першымі я ўбачыў міліцыянераў з аховы. "Што ж вы глядзіце, сёння збіваюць нас, заўтра тое самае зробяць з вамі!" — папікнуў іх я. "А што мы можам зрабіць?" — вінавата адказалі міліцыянеры. З разгону мяне кінулі ў міліцэйскі ўазік. У машыне едзем з Л.Дзейкам і А.Малашкам. "Куды везці?" — пытае кіроўца-міліцыянер. Я кажу: куды сказалі, туды і вязі. Я лічыў, што нас ужо не адпусцяць — мы ж самыя галоўныя сведкі гэтага злачынства. Нехта запатрабаваў, каб нас везлі да Вярхоўнага Савета на вул.Карла Маркса, 38. З будынка выйшаў палкоўнік: "Людзі, мне загадалі вас нікога не пускаць".
Мы вырашылі ісці ў гатэль "Кастрычніцкі", у якім тады жылі дэпутаты. Там сталі збірацца ўсе пацярпелыя. Апошнім прыйшоў Саша Шут. Ён працаваў галоўным лекарам у Плешчаніцах, найдабрэйшай душы чалавек. Ён сказаў, што іх прывезлі да помніка Я.Купалу і жорстка збілі. Усё цела ў яго было ў гематомах. Як пазней высветлілася, нас усіх меліся вывезці менавіта туды, і ўсіх мусілі збіць яшчэ, гвалтам уліўшы кожнаму гарэлкі і патлумачыўшы журналістам, што гэта п'яная бойка. Спахапіліся ў апошні момант — зразумелі, што побач амаль усю ноч заставаліся журналісты, яны збольшага бачылі, што адбывалася насамрэч. Каманда "адбой" паступіла занадта позна, таму першую машыну завезлі менавіта туды. Уначы нам аказалі і першую медыцынскую дапамогу.
Зранку мы вырашылі, што частка дэпутатаў ідзе да Грыба М. І., а астатнія — у Мінскі гарсавет, дзе збяром прэс-канферэнцыю. Я быў у другой групе. На перамовах Грыб М.І. заняў нармальную пазіцыю, назваў усё гэта дзяржаўным пераваротам. Калі мы падышлі да Мінскага гарсавета, вакол стаяла вайсковае ачапленне. У гарсавет не прапускалі, тым не менш каля яго пачыналі збірацца людзі. Мы разумелі, што іх трэба адводзіць далей ад небяспекі. Многія былі са сцягамі, вайскоўцы спрабавалі іх выдзіраць, хаця гэта была яшчэ дзяржаўная сімволіка. Я бяру сцяг у М.Статкевіча і адводжу людзей у сквер на Кастрычніцкай плошчы. Дзясяткі спэцслужбоўцаў з кінакамерамі дэманстратыўна здымаюць з розных пунктаў, спрабуючы псіхалагічна ціснуць на людзей. У скверы пачынаецца мітынг, кінакамэраў робіцца яшчэ больш. Адзін "апэратар" наступае мне на ногі. Я не вытрымліваю, зрываюся і бяру яго за грудкі. Сказалася нервовае напружанне апошняга дня. "Кіношнік" відавочна перапалоханы, ён пачынае нешта мармытаць у сваё апраўданне. Я кажу яму: не замінайце людзям, вось разыдуцца ўсе, тады вы свой кадэбэшны мітынг і праводзьце.
Працягнуць галадоўку далей магчымасці не было, паколькі нам прапанавалі кожнаму знаходзіцца асобна ў сваім кабінеце. Прэзідэнт нас па-ранейшаму баяўся, а паасобку нас маглі проста вывезці і зрабіць усё, што заўгодна. Ніхто з нас страху не адчуваў. Была проста горыч ад свайго бяссілля, ад нахабства і бандыцкіх дзеянняў улады.
На другі дзень сесія пачалася па абедзе. Парадныя дзверы ў залу пасяджэнняў ВС былі зачыненыя, дэпутатаў апазыцыі (і не толькі) спрабавалі не прапусціць. Мы прайшлі праз саўмінаўскі ўваход, але і тут нам заступілі дарогу. З намі аказаўся і генеральны пракурор В.Шаладонаў — яго таксама не прапускалі. Людзей было шмат, усе абураліся. Не вытрымаўшы націску, ахова расступілася. Так мы трапілі ў залу пасяджэнняў. Сімпатыі дэпутатаў былі відавочна на нашым баку. Устаў Ігар Пырх і звярнуўся да нас: "Людзі, учора я не быў з вамі, калі вы мне даруеце, я далучаюся да вас". Напалоханы тым, што адбывалася, быў не толькі Лукашэнка, але і непасрэдныя выканаўцы загадаў. З залы рэціраваўся палкоўнік М.Цесавец, але, на жаль, скарыстацца з гэтага мы не здолелі.
З.Пазьняк прапанаваў нам пакінуць залу пасяджэнняў, бо ў гэтай зале збілі дэпутатаў, тут пралілася кроў, прысутнічаць тут, а тым больш праводзіць паседжанне амаральна. Мы сышлі. З гэтага скарыстаўся А.Лукашэнка. За далейшым ходам пасяджэння мы сачылі з прэс-цэнтра. Уразіў М.Дземянцей, былы старшыня Вярхоўнага Савета — выплеснуў усю сваю злосць: "Правільна зрабілі, мала далі!" Далей не менш цынічна выступаў А.Лукашэнка. Нас ён абвінавачваў у тым, што ўсе мы былі п'яныя, з жанчынамі, і самі сябе збілі. А ён, маўляў, як узорны прэзідэнт, клапаціўся толькі пра тое, каб не выбухнула бомба. І паабяцаў паказаць па тэлебачанні відэазапіс начных падзеяў. Але не паказаў і ніколі не пакажа, бо людзі скалануцца ад таго, што адбылося, дый ад таго, які чалавек імі кіруе. Гэта бачылі і разумелі многія прысутныя ў зале. І каб заліць іх сумленне, згодна з распараджэннем Лукашэнкі для іх зладзілі банкет. У гатэль "Кастрычніцкі" яны вярталіся позна ўвечары, абдымаючы і падтрымліваючы адзін аднога. Ці захаваюць яны ў памяці свой учынак, не ведаю, але іх твары захавала фатаграфія, зробленая ў той дзень з першым беларускім прэзідэнтам.
Прамінула амаль дванаццаць гадоў з часу тых падзеяў, але яны не забываюцца. З вышыні сённяшняга дня можна паспрабаваць спакойна іх прааналізаваць. Што страшнага адбылося ў тую ноч? Улада растаптала чалавечыя законы, праліла кроў. З гэтага моманту для А.Лукашэнкі сэнсам жыцця зрабілася толькі ўтрыманне ўлады любым коштам. Калі некаторыя аналітыкі называюць А.Лукашэнку моцным палітыкам, я не магу з гэтым пагадзіцца. Моцны чалавек і моцны палітык кіруецца маральнымі нормамі і законамі. Сіла не ў тым, каб збіваць чужымі рукамі тысячы сваіх суграмадзянаў, нязгодных з табой, тых, хто выходзіць на акцыі пратэсту. Моцны чалавек на пасадзе прэзідэнта думае пра тое, як змяніць жыццё людзей да лепшага і, зрабіўшы гэта, у пару сысці. У слабога іншыя ўяўленьні: яго паўсюль пераследуюць ворагі. Ён усіх баіцца, нікому не давярае, яму сняцца закалоты, ён баіцца свайго народа і прачынаецца ў халодным поце толькі ад думкі, што можа страціць уладу. Ён ніколі добраахвотна не адмовіцца ад улады, дзеля яе ўтрымання ён здольны на ўсё.
У збіцці дэпутатаў удзельнічалі спецпадраздзяленні КДБ, МУС і войска. Чаму задзейнічалі гэтак багата сілаў і розных падраздзяленняў? Таму што ніводнаму з іх Лукашэнка не давяраў. Ці павінны гэтыя людзі адказваць за ўчыненае? Як чалавек я ім дарую, але як дэпутат — не. Тыя, хто аддаваў злачынныя загады, павінны несьці адказнасць, каб у будучыні ў чыімсьці хваравітым мозгу не магла ўзнікнуць нават падобная думка.
Мікалай Аксамiт