У беларускім тэнісе настаюць цяжкія часы?
1
10:35, — Спорт
Некалі гэта мусіла адбыцца. Бясконца цягнуць на сабе камандны воз Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў не могуць. Вядома, крыху за трыццаць – гэта не век, але ў спорце атлеты на чацвертым дзесятку ўжо лічацца ветэранамі.
Мірны і Ваўчкоў гуляюць за сваю краіну ў Кубку Дэвіса з 16 гадоў, падняўшы за гэты час беларускі тэніс з глыбіняў Еўра-афрыканскай зоны ў элітную сусветную групу, дзе намаганнямі гэтых двух тэнісістаў былі бітыя такія гранды, як Расея, Аргентына і Гішпанія, пішуць «Белорусские новости».
Гэтыя матчы (некаторыя з якіх, асабліва супраць расейцаў у лютым 2004-га, з надзвычай драматычным сюжэтам) шмат хто памятае. Але на фоне славутай мінуўшчыны беларускага каманднага тэнісу яго будучыня выглядае пакуль не так эфектна. Прычым, збольшага тут вядзецца пра тэніс мужчынскі, паколькі ў слабога полу перспектывы бачацца акурат цудоўныя.
Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова, якім няма і дваццаці, ужо замацаваліся ў першай паўсотні і гатовы штурмаваць топ-10. Ёсць яшчэ запал у Таццяны Пучак і Настассі Якімавай. Вялікі патэнцыял адмыслоўцы бачаць у юных яшчэ Ксеніі Мілеўскай, Ганне Орлік, Сашы Хабібулінай.
Мужчынскі беларускі тэніс на патэнцыйных зорак значна бяднейшы. Па сутнасці, за плячыма Мірнага і Ваўчкова доўгі час не было зусім нікога. На жаль, іх паспяховая гульня дазваляла не зважаць на гэтую праблему, хаця ў тэнісных колах пра яе, ясная рэч, ведалі і нават спрабавалі неяк вырашаць, увесь час запрашаючы ў каманду на матчы Кубку Дэвіса моладзь. Але дзе яна цяпер? Аляксандр Зотаў, Аляксандр Скрыпка, Сяргей Тарасевіч, Сяргей Самасейка, Васіль Кажэра. Усе яны падавалі ці працягваюць падаваць спадзевы, але рэальнай заменай лідэрам яны так і не сталі.
Натуральна, тэніс – перадусім індывідуальны від спорту, а самі тэнісісты – тавар штучны, апрача безумоўнага таленту патрабуе і немалых фінансавых укладанняў. Дзяржаўны падыход, плённа здзяйсняны ў іншых відах спорту, у тэнісе фактычна не працуе. Выгадаваць элітнага тэнісіста ў вучэльні алімпійскага рэзерву ці ў ДЮСШ немагчыма.
Звярніце ўвагу на біяграфію зорак сусветнага тэнісу – пераважная большасць з іх сваімі поспехамі шмат у чым абавязана бацькам, якія зрабілі спартовую кар’еру дзяцей мэтай свайго жыцця. Прыклады амаль нашай зямлячкі Марыі Шарапавай, амерыканак сёстраў Уільямс, колішняй першай ракеткі свету Марціны Хігінс і шмат каго яшчэ ў гэтым плане надзвычай красамоўныя. Хаця нам бліжэйшы прыклад Максіма Мірнага і яго бацькі Мікалая Мікалаевіча.
Так, пачынаў Мірны, як і Ваўчкоў, з секцыі Менскага аўтазаводу, але ў вялікі тэніс сына вывеў бацька.
Сёння Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў, можна сказаць, ужо блізкія да завяршэння сваіх прафесійных кар’ер. Мірны, які ўваходзіў некалі ў дваццатку, сёння месціцца на мяжы другой і трэцяй сотняў, Ваўчкоў – у канцы чацвертай і ў такіх умовах не бачыць вялікага сэнсу працягваць. Кропкай у яго кар’еры можа стаць Алімпіяда ў Пекіне, калі яго пара з Мірным туды трапіць. Максім жа, падобна, як кажуць спартоўцы, яшчэ некалькі гадоў пачадуе, асабліва ва ўдалай для яго пары. Але ў адзіночцы, у тым ліку і ў камандным турніры, эфектыўнасць гульні Мірнага сёння імкліва спадае – яго ўсталяваны стыль гульні (магутная падача і выйсце да сеткі) дасканала вывучаны і лёгка перайграецца.
Агулам, у нашым мужчынскім тэнісе настаюць цяжкія часы. Відавочна, што Уладзімір Ігнацік і Андрэй Каратчэня, якія, хутчэй за ўсё, і заменяць Мірнага і Ваўчкова, не абдзелены талентам, але яны яшчэ надта маладыя, каб на роўных змагацца з дасведчанымі прафесіяналамі. Да таго ж, ім патрэбны не толькі час, але і падтрымка. У тым ліку тая, якой не хапала Мірнаму і Ваўчкову – падтрымка рэзервам.
За спіной яшчэ толькі выходзячых на вялікі тэнісны шлях Ігнаціка і Каратчэні ўжо мусяць быць тыя, хто ў будучыні зможа іх падмяніць. І калі выхаваць і выгадаваць моцнага тэнісіста дзяржава з-за аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын не ў стане, то дапамагчы бацькам будучых тэнісных зорак у развязанні вострых і адвабліваючых ад спорту штодзённых пытанняў ёй па сілах.




