Сёлетняя інфляцыя можа скласці не менш за 20 адсоткаў
4
12:48, — Эканоміка
Выкананне патрабаванняў АПК пагражае Беларусі некантраляванымі і галопавымі працэсамі.
У сельгасвытворцаў з’явіліся важкія падставы для павелічэння коштаў на сваю прадукцыю не ў межах звыклай адміністрацыйнай падтрымкі вёскі дзяржавай, а адпаведна рынкавым рэаліям, піша «Завтра твоей страны».
Рынкавая сутнасць, якая палягае ў імклівым росце коштаў на паліва, мінеральныя ўгнаенні, прадукты раслінагадоўлі і жывёлагадоўлі і прадукты іх перапрацоўкі, ідзе ўразрэз з адміністрацыйнымі захадамі беларускай дзяржавы па стрымліванні коштаў і інфляцыі.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу Беларусі, арыентуючыся нават не на сусветны рынак, а на кошты ў Расеі, настойвае на сур’ёзным павелічэнні закупных коштаў на сельгаспрадукцыю. Інакш усёй беларускай сельскай гаспадарцы на працяглыя гады забяспечана неканкурэнтназдольнасць і стратнасць, сцвярджаюць у Мінсельгасхарчы.
З іншага боку, міністэрствы і ведамствы, адказныя за выкананне прагнозавых паказальнікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, небеспадстаўна засцерагаюцца, што падвышэнне коштаў адпаведна запытам беларускага АПК прывядзе да пачатку некантраляваных і галопавых інфляцыйных працэсаў у краіне.
Уоаду давядзецца выбіраць з двух гораў меншае. Альбо вызначыць сярэдні шлях, у пошуках якога цяпер знаходзяцца найлепшыя галовы ўраду.
У даволі грунтоўным пераліку міністэрстваў, якія настойваюць на падвышэнні тарыфаў і коштаў на свае тавары і паслугі, Мінсельгасхарч вылучаецца сваімі патрабаваннямі. Аграрыі прапануюць павялічыць закупныя кошты на прадукцыю раслінагадоўлі у сярэднім удвая. Намеснік міністра Васіль Паўлоўскі абгрунтоўвае гэта неабходнасцю прынамсі часткова выраўняць кошт беларускіх прадуктаў з коштамі ў суседняй Расеі.
-- Цяпер у Беларусі закупныя кошты на прадукцыю раслінагадоўлі ў 1,5-2 разы ніжэй, чым у Расеі. Было б ідэальна ўзняць іх адразу ўдвая, але гэта немагчыма. Так трэба прынамсі наблізіцца да гэтага ўзроўню, - адзначае Васіль Паўлоўскі.
Так, згодна з прапановай Мінсельгасхарчу, закупны кошт на збожжа мусіць быць павялічаны на 72%, на алейнае насенне рапсу – на 125%, на цукровы бурак – на 33,1%. Здавалася б, пералік даволі вузкі. Але...
Ужо падлічана, што гэта пацягне за сабой павелічэнне адпускных коштаў на пшанічную муку на 44%, жытнюю муку – на 94%, на хлеб – на 31%, на хлебныя вырабы – на 20%, на камбікорм – на 50%. Істотна павялічацца кошты на прадукцыю алейна-тлушчавай групы, на белы цукар, на гарэлку. Аўтаматычна рост коштаў на камбікорм выклікае павелічэнне адпускных коштаў на малако і мясныя прадукты.
Урад згодны з тым, што пад уздзеяннем знешных фактараў кошты падвышаць давядзецца. Але не да такой жа ступені! Мінэканомікі плануе абмежаваць падвышэнне коштаў на прадукцыю раслінагадоўлі ў сярэднім на 20%. Інакш, на думку службоўцаў, беларусаў чакае рэзкі скачок інфляцыі.
З улікам таго, што, апрача Мінсельгасхарчу, на падвышэнні вартасці сваіх паслугаў цяпер настойваюць энэргетыкі (найгалоўнейшая пазіцыя ў гэтага ведамства – гэта электраэнэргія для насельніцтва, тарыфы прапануецца павялічыць на 25%), камунальнікі (тут найвялікшы прырост чакаецца па паслугах водазабеспячэння – на 55,6%), Мінтранс (кошт квіткоў у прыгараднай чыгуначнай сувязі можа ўзняцца на 18,3%) і Мінсувязі (настойвае на паэтапным, цягам году, павелічэнні тарыфаў на свае паслугі ўнутры Беларусі ад 45,8% да пяці разоў), прырост інфляцыі на канец 2008 году можа скласці замест запланаваных васьмі – 16-20%.




