Міністр гандлю прызнаў, што «прадпрымальнікі – гэта таксама людзі»
8
13:55, — Эканоміка
На Полацкім калгасным рынку ў горадзе Віцебску міністр гандлю Беларусі Аляксандр Іванкоў здзейсніў сенсацыйнае адкрыццё, заявіўшы, што “прадпрымальнікі – таксама людзі”.
За чатыры дні да паездкі міністра гандлю Беларусі ў Віцебск у ведамстве нават была зладжана планавая нарада. Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства гандлю, “абмяркоўваліся пытанні бягучай працы Мінгандлю, падведамных арганізацый і падрыхтоўка да калегіі, якая адбудзецца 11 красавіка ў горадзе Віцебску. А.І.Іванкоў яшчэ раз нагадаў пра неабходнасць дэталёвай падрыхтоўкі да будучай калегіі ў горадзе Віцебску, якая павінна быць цалкам забяспечана дэманстрацыйным матэрыялам у фармаце тэматычных слайдаў для паказу на пленарным паседжанні.
Міністр падкрэсліў, што ў працэсе падрыхтоўкі матэрыялаў да калегіі (дакладаў, судакладаў) належыць акцэнтавацца на выкананні заданняў па інвестыцыях, на адказнасці інвестараў за выкананне першапачатковых умоваў, на ролі ўлады на месцах і важнасці дапрацоўкі генеральных схемаў развіцця гандлёвай сеткі. Пад час абмеркавання вынікаў рэалізацыі дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў на 2007-2010 гады, Міністр гандлю А.І.Іваноў адзначыў, што арганізацыям сістэмы Міністэрства гандлю пры выкананні пастаўленых задач па развіцці інфраструктуры неабходна дакладна ўяўляць сваю ролю ў гэтым працэсе”.
Наколькі “дакладна ўяўляюць у гэтым працэсе” сваю ролю арганізацыі “сістэмы Міністэрства гандлю”, паказала наведванне Аляксандрам Івановым са сваёй світай Полацкага калгаснага рынку ў горадзе Віцебску.
“Дэлегацыя на чале з міністрам прыбыла на рынак, а сам Аляксандр Іваноў выявіў жаданне сустрэцца з Радай Рынку, дакладней – яе старшынём”, - распавядае намеснік старшыні Рады РАА “Перспектыва” Анатоль Шапавалаў. – выклікалі старшыню, але адразу ж папярэдзілі: не кранайце, маўляў, пытанняў пераходу ў ПУПы, а пытайцеся па сутнасці. Уласна кажучы, па сутнасці і запытвалі. Старшыня Рады задавала актуальныя для ўсіх прадпрымальнікаў пытанні пра пазбаўленне ліцэнзій за парушэнне працы аб’екта, уздымала актуальную праблему адпачынкаў... Мясцовы загадчык Упраўлення гандлю адрэагаваў на гэта на свой лад, неардынарна – узяў і літаральна выштурхаў старшыню Рады рынку за межы зоны гутаркі з міністрам. Такі вось атрымаўся канструкцыйны дыялог!”
Згодна з сайтам арганізацыі “Перспектыва ”, далей міністр з пафасам заявіў, што “прадпрымальнікі – таксама людзі”. Але адзначыў, што не бачыць, каб на калгасным рынку гандлявалі калгаснікі і меўся калгасны тавар у рэалізацыі. “Адны спекулянты стаяць на вашым рынку, а спекулянты няхай самі сабе рынак і будуюць”, - выказаўся Аляксандр Іваноў. І даў паўгады на тое, каб болей там адкрытага рынку не было.
“Зладзілі паказуху”, - заключае Анатоль Шапавалаў. – Па сутнасці практычна не далі выказацца ані старшыні Рады рынку, ані прадпрымальнікам. Як беларускія ўлады казалі, што іпэшнікаў хутка не будзе, так усё да гэтага і ідзе. І гэтая сустрэча – дадатковае таму пацвярджэнне. Такая вось палітыка ў нашай дзяржавы. Нават з’явілася свая тэрміналогія. “Таксама людзі”, “спекулянты”... Іншая рэч, што невядома яшчэ, хто з нас у гэтай сітуацыі застанецца чалавекам, а хто “таксама чалавек, але пад пытаннем.”.




