Сяргея Парсюкевіча будуць судзіць 22 красавіка
2
15:50, — Палітыка
У панядзелак стала вядома, што крымінальны суд над віцебскім прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам адбудзецца 22 красавіка.
Пра гэта паведаміла «Нашай ніве» адвакатка Вера Страмкоўская. Працэс пачнецца ў Маскоўскім судзе сталіцы а 12 гадзіне, судзьдзём будзе Ўладзімер Аўдзеенка.
Палітвязень Сяргей Парсюкевіч быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на Валадарскага 4 сакавіка, калі ён прыйшоў на допыт да сьледчага Дзьмітрыя Разанкі. Супраць Парсюкевіча 31 студзеня была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 364 КК («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»).
Прадпрымальніку пагражае да шасьці гадоў зьняволеньня, па тым самым артыкуле судзяць і Андрэя Кіма. Абвінавачваньне зводзіцца да таго, што падчас адбыцьця 15-сутачнага арышту на Акрэсьціна, Парсюкевіч быццам бы зьбіў намесьніка дзяжурнага Аляксандра Дулупа. Сам прадпрымальнік кажа, што зьбівалі акурат яго.
10 красавіка Вера Страмкоўская наведвала Сяргея Парсюкевіча ў СІЗА. Паводле яе словаў, з прыходам цяпла ў падабароннага абвастрылася астма. «Сяргею вельмі цяжка дыхаецца, у камэры знаходзіцца 13 чалавек на 10 спальных месцаў, што таксама не надае здароўя», — зазначае В.Страмкоўская.




