Урад ня здолее стрымаць рост цэнаў
28
9:31, — Эканоміка
У Міністэрстве эканомікі і Савеце Міністраў больш за месяц ляжыць шмат просьбаў аб пераглядзе цэнавай і тарыфнай палітыкі ў асобных галінах эканомікі. Пералік міністэрстваў і іхныя прапановы ўражваюць.
Кіраўніцтва Міністэрства эканомікі абяцае падыйсьці да ўсіх просьбаў аб падвышэньні коштаў “узважана і цьвёрда” і пакуль трымаецца, паведамляе “Радыё Свабода”.
З просьбамі аб падвышэньні коштаў зьвярнуліся Мінсувязі, Мінэнэрга, Міністэрства транспарту, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі якія настойваюць на паэтапным падвышэньні.
Але самыя вялікія апэтыты ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня – яно просіць падвысіць закупачныя цэны на ўсю прадукцыю расьлінаводзтва і адразу. Прычым, лічбы ўражваюць – у прыватнасьці, Мінсельгасхарч прапанаваў закупачную цану на збожжа ўзьняць на 72%, на семя рапсу – на 125%, на цукровыя буракі на 33%.
Пакуль Міністэрства эканомікі трымае абарону.
Намесьнік начальніка Упраўленьня цэн Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Кацярына Пеўнева не называе дакладных лічбаў.
“Мы іх кожны дзень мяняем. У пятніцу памянялі, у панядзелак Міністэрства эканомікі зноў ня згодна. Знаходзіцца ўсё ў прапрацоўцы, у працоўным варыянце, і нічога ня вызначана – раніцай адно, увечары іншае”, - кажа чыноўніца.
Перамовы ідуць ужо больш за месяц. Мінэканомікі і ўрад разумеюць, што павышэньне цэнаў, калі задаволіць Мінсельгаспрад, прывядзе да некантралюемых інфляцыйных працэсаў, таму згоды пакуль няма, кажа Кацярына Пеўнева.
“Ужо больш за месяц высьвятляем. А калі вызначымся – ня ведаю. Калі хто-небудзь кулаком па сталу грукне. Таму што мэтадам перамоваў пакуль не атрымліваецца. Больш праблем, чым пры зьнешнеэканамічных перамовах...”, - сцьвярджае Пеўнева.
Эканаміст Зьміцер Бабіцкі кажа, што рост цэн на харчаваньне ідзе ва ўсім сьвеце, і Беларусь не стане выключэньнем.
“Зразумела, Лукашэнка ставіць задачу палітычную. А ў той жа час ёсьць вельмі моцнае аграрнае лобі: яны ціснуць. А цэны прыйдзецца падымаць у кожным выпадку. Канечне, будуць крыху абмяжоўваць, у першую чаргу, падымаць на тыя тавары, якія не ўваходзяць у індэкс спажывецкіх першай неабходнасьці. Думаю, што зараз ва ўрада ёсьць разуменьне, што народ трэба забясьпечваць, людзі ўжо забыліся, што такое дэфіцыт, чэргі. Таму адбудзецца саступка, і дазволяць істотна павысіць закупачныя цэны, каб вытворцы маглі больш грошай атрымаць за сваю прадукцыю”, - лічыць эканаміст.
Эканамісты падлічылі, што істотнае падвышэньне закупачных цэн пацягне павелічэньне адпускных цэнаў на пшанічную муку на 44%, на іржаную муку – на 94%, на хлеб – на 20%, на камбікорм на 50% (а гэта азначае і на малако, і на мяса). А калі задаволіць яшчэ просьбы энэргетыкаў, сувязістаў, камунальнікаў, транспартнікаў, то інфляцыя на канец году можа дасягнуць 20% замест заплянаваных 8%.
Напісаць каментар (28)




