9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5 мільёнаў беларусаў хочуць выгнаць на суботнік

24

Чакаецца, што ў рэспубліканскім суботніку 19 красавіка возьмуць удзел больш за 5 млн. чалавек. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Касінец сёння на паседжанні кіраванай ім працоўнай групы па падрыхтоўцы і правядзенні суботніка, паведамляе БЕЛТА.

Ён адзначыў, што сёння апошняе арганізацыйнае паседжанне, на якім неабходна вызначыцца, ці ўсе аб'екты рэспубліканскай, камунальнай і іншых формаў уласнасці падрыхтаваны да правядзення гэтага маштабнага мерапрыемства. "Плануецца, што ў суботніку паўдзельнічаюць больш за 5 млн. грамадзян Беларусі - такой колькасці ўдзельнікаў яшчэ не было", - сказаў Аляксандр Касінец.

Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што сродкі, заробленыя 19 красавіка, будуць скіраваны на ўмацаванне здароўя дзяцей Беларусі. Так, 50% будзе скіравана на цэнтралізаваны закуп сучасных рэанімабіляў: па два на кожную вобласць і горад Менск, адзін - для РНПЦ "Маці і дзіця". Прыблізны кошт аднаго рэанімабіля - Br 480 млн. Зношанасць наяўных у краіне рэанімабіляў складае 90%, дадаў Аляксандр Касінец.

Другая палова сродкаў застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму - яны будуць скарыстаны пры набыцці медыцынскай тэхнікі (ультрагукавых апаратаў, рэнтгеналагічнага, лабараторнага і відэаэндаскапічнага абсталявання, абсталявання для лячэння рэтынапатыі неданошаных дзяцей, апаратаў для рэгістрацыі отаакустычнай эмісіі нованароджаных) для дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, якія здзяйсняюць медыцынскую дапамогу дзецям. "Усё будзе зроблена для таго, каб у абласных дзіцячых лякарнях дыягнастычнае абсталяванне было на найсучасным сусветным узроўні, бо ад гэтага залежаць здароўе і жыццё маленькіх грамадзян нашай краіны", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Па словах Аляксандра Касінца, сёлета на рэспубліканскім суботніку плануецца зарабіць значна больш сродкаў, чым на леташнім. "Чым больш заробім сродкаў, тым больш будзе закуплена абсталявання, тым лепшай стане матэрыяльна-тэхнічная база аховы здароўя", - сказаў ён, дадаўшы, што суботнік адбудзецца пры любым надвор'і. "Якое б ні было надвор'е, працы хопіць усім", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Урад Беларусі рэкамендаваў органам дзяржкіравання, арганізацыям, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам 19 красавіка зладзіць рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах, на добраахвотнай аснове. Замест гэтага можна заняцца ўпарадкаваннем і прывядзеннем у належны стан сквераў, паркаў, іншых зон масавага адпачынку, дарожнай часткі вуліц, тратуараў і дваровых тэрыторый.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках