banner1 banner1 banner1

15.04.2008

Удзельнік «працэсу 14-ці» Міхась Крываў: «Нам патрэбна маральная падтрымка прадпрымальнікаў» 9

13:51, — Палітыка

Судовы працэс над Міхасём Крывавым пачнецца 16 красавіка. Ён - адзін з фігурантаў крымінальнага "працэсу 14-ці" над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

- Міхась, ты найстарэйшы сярод моладзевых актывістаў, якія паўстануць перад судом 16 красавіка. У цябе за плячыма факультэт журналістыкі БДУ і дзве магістратуры - МГИМО па міжнародных адносінах і Універсітэта г.Сан-Хасэ па сувязях з грамадскасцю. Ты прыйшоў у апазіцыю, таму што не знайшоў іншага спосабу самарэалізавацца ў Беларусі?

- Мусіць, самарэалізоўвацца можна ў любых умовах, у тым ліку і ў цяперашняй Беларусі. Пытанне ў кошце, які ты гатовы за гэта плаціць. У мяне ў свой час была магчымасць уладкавацца ў беларускі МЗС альбо ў міжнародны аддзел БТ (тады мая рэпутацыя яшчэ не была "заплямлена" сувяззю з апазіцыяй). Але я своечасова зразумеў, што зрабіў бы там кар'еру, рызыкуючы сваім псіхічным здароўем. Штодня вярзці лухту пра тое, як нам выгадна сябраваць з Іранам, Сірыяй і Венесуэлай, і даводзіць, што заходняя цывілізацыя з яе каштоўнасцямі - наш кляты вораг… Я б, мусіць, звар’яцеў ад гэтага. Альбо стаў бы цынікам з глыбокай пагардай да сябе і жыцця. Я ані на секунду не пашкадаваў, што ўвайшоў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю. Тут я пазнаёміўся з такой колькасцю годных, разумных і вольналюбных людзей! Тут у мяне з'явіліся сябры і аднадумцы.

- За час існавання незалежнай Беларусі сотні і тысячы беларускіх студэнтаў з'ехалі ў Амерыку: зарабіць грошы, падвысіць кваліфікацыю, атрымаць дадатковыя веды. Вяртаюцца з іх адзінкі. Нават пашырыўся жарт: "З Амерыкі, як з таго свету, яшчэ ніхто не вярнуўся". Аднак ты палічыў за належнае вярнуцца і адмовіўся ад магчымасцяў працаваць за мяжой. Чаму?

- Я быў проста здзіўлены, як шмат беларусаў жыве цяпер у Штатах. У асноўным, гэта маладзёны. Што ні кажы, Амерыка - краіна вялікіх магчымасцяў, у тым ліку і для новапрыбылых імігрантаў. Вельмі шмат беларусаў лічаць за лепшае застацца ў Штатах нават нелегальна, абы толькі не вяртацца ў "моцную і квітнеючую". Што да мяне асабіста, у мяне было некалькі матываў вярнуцца. Па-першае, была каханая дзяўчына, якая, як я думаў, мяне дачакаецца. А па-другое, жывучы ў Амерыцы, у мяне з'явілася адна цікавая звычка. Я заходзіў у Інтэрнэт, на сайт http://www.youtube.com/, і практычна штовечар глядзеў той самы відэакліп пра Беларусь. Невялікі па часе, хвілін на пяць. Гэта былі кадры джынсавай рэвалюцыі сакавіка 2006 году. Я ўзіраўся ў твары людзей, якія стаялі жывым ланцугом супраць узброенага да зубоў АМАПу, мёрзлі на марозе ў занесеных снегам намётах, размахвалі бел-чырвона-белымі сцягамі на дахах аўтобусаў. І гэта ўсё на фоне прыгожай і маркотнай мелодыі гімну "Магутны Божа". У такія моманты я адчуваў у душы нешта адметнае. Назавіце гэта пачуццём патрыятызму, калі заўгодна.

- У Аб'яднаную грамадзянскую партыю ты ўвайшоў восем месяцаў таму. За гэты час ты паспеў паўдзельнічаць у шматлікіх акцыях, атрымаць 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У той самы час дагэтуль ты захоўваеш "свежы позірк" на дзеянні апазіцыі. Ці не лічыш ты, што апазіцыя мусіць шукаць іншыя спосабы супрацьдзеяння рэжыму?

- Вулічныя акцыі пратэсту, вядома, патрэбныя. Нават калі на іх прыходзіць не так шмат людзей, як нам хацелася б, імі мы паказваем рэжыму, што ў Беларусі ёсць вольныя людзі, што мы - не быдла, а самавітая еўрапейская нацыя. Разам з тым я лічу, што вельмі важна ўзмацняць інфармацыйна-адукацыйную дзейнасць сярод простых людзей. Даходліва тлумачыць ім, што рэжым зневажае і маніць ім на кожным кроку. Што для паляпшэння жыцця неабходна хоць нешта зрабіць. Што свабода і дабрабыт проста так не даюцца, іх трэба заслужыць.

- У цябе не склалася ўражання, што акцыям пратэсту прадпрымальнікаў не хапіла прадуманасці, нейкага стрыжня? Сёння прадпрымальнікі занятыя тым, што вучацца выжываць ва ўмовах дзеяння 760-га ўказу. Большасць з іх нават не ведае пра суд, які мае адбыцца над вамі, сярод іх не было зладжана кампаніі па вашай падтрымцы…

- Сапраўды, маральная падтрымка з боку прадпрымальнікаў нам цяпер не зашкодзіла б… Мусіць, прадпрымальнікі, як і ўвесь беларускі народ, надта запалоханыя, вось і лічаць за лепшае крытыкаваць рэжым седзячы на сваіх кухнях. А што да самой акцыі 10 студзеня, то давайце зірнем, колькі людзей выйшла на пляц? Ад 3 да 5 тысяч. А колькі было зарэгістраваных прадпрымальнікаў да таго моманту? Наколькі я ведаю, у адным толькі Менску - 40 тысяч, па ўсёй Беларусі - каля 250 тысяч. Плюс іх сямейнікі, найманыя працаўнікі… Дык вось я задаюся пытаннем: дзе жа яны ўсе былі?!

- Калі ты распавядаеш пра сваё жыццё ў ЗША, кажаш пра тое, што свабода – кутні камень у жыцці амерыканскага грамадства, і за гэта ты любіш Амерыку. Сённяшняя Беларусь, нажаль, - краіна несвабодная. За што ты любіш Беларусь?

- Я люблю Беларусь перадусім за тое, што гэта мая радзіма. А радзіму, як і бацькоў, не выбіраюць. Я люблю Беларусь вольналюбнай шляхты. Я люблю Беларусь Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Уладзіміра Караткевіча, Кастуся Астрожскага. Я люблю Беларусь Тадэвуша Касцюшкі, якога, дарэчы, амерыканцы шануюць, як свайго нацыянальнага героя. І гэты спіс вялікіх людзей можна працягваць доўга.

- Сёння ніхто не ў стане прадказаць вынік суду. Беларускія палітыкі і праваабаронцы, нажаль, выказваюць не надта суцяшальныя прагнозы. Ведаю, што некаторыя з маладзёнаў збіраюцца ісці на суд "з прамовамі"… Якія кнігі ты возьмеш з сабой у першую чаргу?

- "Каласы пад сярпом тваiм" Уладзіміра Караткевіча.

- Ведаем, што твае бацькі - пенсіянеры. Перад пачаткам суду ты знойдзеш словы, каб супакоіць іх?

- Мне самому вельмі да спадобы выслоўе - "Усё, што цябе не забівае, робіць цябе мацней". А ўвогуле, гэта яны мяне імкнуцца супакоіць. Яны кажуць: "Ты нічога не скраў і нікога не забіў. Табе няма чаго сароміцца. А калі рэжым дазваляе сабе вырабляць такія рэчы, як гэты "суд" - гэта ягоная ганьба".

http://www.ucpb.org

Напісаць каментар (9)

ElectroName.com - новости белорусского интернета

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31

Старая версія сайта

Байкот-2008

Ці варта браць удзел у выбарчым фарсе?

Уладзімір Халіп

Спецыяльна для Хартыі'97: Недарэчныя прыгоды перадвыбарчай інтрыгі

Андрэй Кім, палітвязень

Затрыманы на акцыі прадпрымальнікаў

Аляксандр Казулін, палітвязень

Кінуты за краты за акцыі пратэсту

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч

Лідэр прадпрымальнікаў арыштаваны пасля акцыі пратэста

Іншыя падборкі

Подписка на рассылку


Введите ваш e-mail: