Пратэст у рэгіёнах узрастае
3- 16.04.2008, 9:27
Жыхары пасёлкаў "Дружны" і "Свіслач" Пухавіцкага раёну Менскай вобласці перадалі ў Савет Міністраў, абласны і раённы саветы дэпутатаў подпісы супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнага хімічнага камбінату.
З дазволу беларускіх уладаў хімкамбінат плануе пабудаваць расейская фірма "Август". Як адзначаюць ініцыятары пратэстнай кампаніі, усе подпісы былі сабраны на працягу ўсяго чатырох дзён, паведамляе "Нямецкая хваля".
22 сакавіка ў пасёлку "Дружны" ужо адбыўся мітынг пратэсту жыхароў названых раёнаў, адзін з арганізатараў якога Сяргей Абразоўскі быў пакараны адміністрацыйным штрафам ў 1 мільён 400 тысяч рублёў (больш за 400 еўра). Як адзначыў юрыст Алег Воўчак, гэтым разам жыхары маюць рэальную магчымасць абараніць свае інтарэсы і не дапусціць арганізацыі небяспечнай вытворчасці ў непасрэднай блізкасці ад свайго жытла.
"Як толькі грамадзяне пачынаюць калектыўна змагацца за свае правы, улада адыходзіць, таму ў іх, на маю думку, ёсць рэальныя шанцы. Тым больш што маюцца прыклады ¬- напрыклад, часовае прыпыненне вытворчасці пестыцыдаў на заводзе ў Бярозе, ёсць і іншыя ўдалыя прыклады. Калі сабраны шэсць тысяч подпісаў, улада павінна дзейнічаць, бо ўлада прэзентуе інтарэсы народа, і не паважаць народ - не на карысць аўтарытэту ўлады", - падкрэсліў юрыст Алег Воўчак.