АМАП разагнаў людзей, якія прыйшлі да Цэнтральнага суду (Фота, відэа)
12
11:45, — Палітыка
Супрацоўнікі АМАПу разагналі людзей, якія прыйшлі падтрымаць актывістаў апазіцыі, суд на якімі праходзіць сёння ў Цэнтральным судзе Менску.
Падтрымаць актывістаў да суду прыйшлі каля 70 чалавек. Некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў сталі каля суду з партрэтамі ўдзельнікаў "Працэсу 14-ці". Аднак іх пачалі груба адшчымліваць супрацоўнікі АМАПу, якія сёння з раніцы дзяжураць каля суду ў ачапленні. Больш за 10 амапаўцаў "адканваявалі" маладзёнаў да ракі Свіслач пад самую станцыю метро "Першамайская".
16 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць удзельнікаў акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў краіне ўзімку гэтага году. Справу разглядае суддзя Алена Ілліна.
Толькі сёння перад судом паўсталі 10 чалавек - Андрэй Кім (які знаходзіцца ў зняволенні з 31 студзеня), Міхась Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімір Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхась Крываў і Таццяна Цішкевіч.
Яшчэ чацвярых – Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхася Субача і Максіма Дашука - сёння судзіць не будуць. Яны не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму працэс над імі перанеслі на няпэўны час.
Нагадаем, што на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую і судзяць людзей, выйшла каля 5 тысяч прадпрымальнікаў, якія ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.














Напісаць каментар (12)




