Кошты падвысяцца ўчорашнім днём
9:53, — Эканоміка
У Беларусі павялічваюцца кошты на цеплавую і электрычную энергію для рэальнага сектару эканомікі.
Як паведаміў 16 красавіка першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на паседжанні Нацыянальнага савету па працоўных і сацыяльных пытаннях, з 1 красавіка 2008 году кошты на электрычную энергію плануецца павялічыць на 2,7%, на цеплавую - на 2,9%.
Уладзімір Сямашка нагадаў, што з 2008 году газ для Беларусі падаражэў на ўваходзе на 19,5%. "У нас на прыродным газе выпрацоўваецца да 96% электраэнергіі. Пры гэтым у сабекошце выпрацоўкі электраэнергіі амаль 92% складае газ. У сувязі з чым мы мусілі б узняць кошт электрычнай і цеплавой энергіі на 19,5%. Але гэтага не адбылося, - адзначыў ён. - У першым квартале кошты для прамысловых спажыўцоў на электрычную энергію павялічыліся на 0,92%, на цеплавую - на 1,36%. З 1 красавіка мы іх зноў уздымем - адпаведна на 2,9% і на 2,7%".
Па словах першага віцэ-прэм'ера, гэта нармалёвы рост, ён "праглынаецца" эканомікай. Такім чынам, адбываецца паступовая адаптацыя спажыўцоў да росту коштаў. Неабходнасць іх падвышэння прадыктавана тым, што на сёння вызначыўся дэфіцыт інвестыцыйных сродкаў у прадпрыемстваў Мінэнерга - Br661 млрд. "Мы цяпер вырашаем, дзе знайсці гэтыя сродкі. Стрымліванне коштаў і тарыфаў для насельніцтва даецца, як бачыце, няпроста. Нельга думаць, што гэта бяздонны мех, з якога можна трывала браць грошы. Бюджэту ўсё гэта дорага стае", - канстатаваў ён, падкрэсліўшы пры гэтым, што ўрад будзе і далей працягваць палітыку стрымлівання коштаў на энерганосьбіты, каб пазбегнуць шоку для эканомікі.
Уладзімір Сямашка паведаміў, што нядаўна ў Расеі было заяўлена пра намер адысці ад прынцыпу роўнапрыбытковасці коштаў на газ (адпаведна з беларуска-расейскімі дамоўленасцямі працэс пераходу на роўнапрыбытковыя кошты на газ мусіць скончыцца да 1 студзеня 2011 году). "У Расеі ўжо пачынаюць засцерагацца таго шоку, які можа ўзнікнуць ў сувязі з рэзкім скокам коштаў: пры ўсталяванні роўнапрыбытковага кошту газ у Расеі падаражэе практычна на 100%, - заўважыў першы віцэ-прэм'ер. - У сувязі з гэтым у Расеі вырашаюць, як расцягнуць гэты працэс на даўжэйшы тэрмін".
Таму, лічыць Уладзімір Сямашка, у Беларусі таксама ёсць падставы для таго, каб расцягнуць гэты працэс і зрабіць пераход да роўнапрыбытковых коштаў меней хваравітым і пазбегнуць шоку.




