У якую школьную форму прымусяць апрануцца нашых дзяцей? (Фота)
20- 17.04.2008, 11:55
У Менску ў межах выставы-кірмашу "Беллёгпрам-2008" адбылася прэзентацыя калекцыяў адзення для школьнікаў ад беларускіх вытворцаў.
Цёмныя таны гарнітураў перамежвалі белыя, чырвоныя, аранжавыя і бэзавыя кашулі. Больш за ўсіх са службоўцаў мадэлям пляскаў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Сам ён, дарэчы, прыйшоў на імпрэзу таксама ў гарнітуры ад айчыннага вытворцы, піша газета «Салідарнасць».
На паказ калекцыяў у выстаўным цэнтры "Белэкспа" на вул. Янкі Купалы юных мадэляў - вучняў школы Сашы Варламава – прыйшлі падтрымаць мамы, бабулі, аднакласнікі. Прафесійных рэпарцёраў пасунулі хлопчыкі і дзяўчаты з лічбавымі здымачамі.
Перад подыўмам стаяла ўсяго два дзясяткі крэслаў. Першы шэраг заняла кіраўніцтва міністэрстваў адукацыі і гандлю, а таксама канцэрну "Беллёгпрам". У цэнтры сядзелі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў і кіраўнік канцэрну Эдуард Нарышкін.
Свае калекцыі прадэманстравалі беларускія вытворцы - швейныя фабрыкі з Менску, Гомелю, Наваградку, Воршы, Баранавічаў, Жлобіна, Маладзечна, Бабруйску. У прыватнасці, "Камінтэрн", "Світанак", "Бараўчанка", "Калінка", "Славянка", "Юнона".
Каментавала паказ мадэляў дзелавых і ўрачыстых гарнітураў для школьнікаў мастацкая кіраўнічка беларускага "Цэнтру моды" Эльвіра Жвікава. Прапануем асобныя выказванні:
-- Школьнікі сёння як ніколі адчувальныя да модных тэндэнцыяў.
-- Гэтае класічнае гучанне ў паўсядзённым жыцці.
-- Усё выглядае па-даросламу.
-- Гэтыя ўбранні выпраменьваюць пазітыўную энергію.
-- Для хлопчыкаў прапануюцца гарнітуры эканом-класу і бізнэс-класу.
У цэлым, прагучала, што дызайнеры імкнуліся да таго, каб школьнае адзенне было зручным і сучасным.
Больш за ўсіх юным мадэлям пляскаў Аляксандр Радзькоў. Але асабліва гучнымі былі апладысменты мужчын-службоўцаў падчас паказу ўбранняў для старшакласніц. "Гэта рэакцыя на мадэлек", -- зрабіла выснову начальніца аддзела збыту адной са швейных фабрык.
Міністр адукацыі не ўбачыў толькі адну калекцыю адзення - апошнюю. Перад сыходам ён адказаў на некалькі пытанняў журналістаў. У прыватнасці, адзначыў, што дзеці і іх бацькі змогуць выбраць школьнае ўбранне па кішэні, паколькі былі прапанаваны гарнітуры рознага кошту. Тыя, што прасцей - танней.
На пытанне "Салідарнасці", у якім гарнітуры ён прыйшоў на паказ, міністр адкруціў борт пінжака.
-- Ад беларускага вытворцы. Купляў у адной з менскіх крамаў, -- не разгубіўся Аляксандр Радзькоў.
А потым дадаў:
--Увогуле, не ў мэтах рэкламы, але ўвосень купіў сабе чорнае паліто ад "Элемы". Элегантна глядзіцца. Застаўся задаволены.







