9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Стральцоў: «Міліцыянт распавёў, што атрымаў указанні, апрануўшыся ў цывільнае, быць сярод дэманстрантаў»

3

Сёння ў Цэнтральным судзе праходзіць другі дзень судовага працэсу па "справе-14". Абвінавачаныя не прызналі сябе вінаватымі.

Уражаннямі ад першага дня судовага працэсу з сайтам www.ucpb.org дзеліцца лідэр моладзі БСДП (Грамада) Алесь Стральцоў:

- Уражанне такое, што ў Беларусі зашмат людзей, якія працуюць, карыстаючыся метадамі 20-х, 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сістэма, створаная Сталінам, працуе да сённяшняга дня. Гэта значыць, што людзі за 30 срэбранікаў гатовы выконваць тое, што ім загадаюць, не думаючы пры гэтым пра наступствы.

Нашыя правы на судзе не захоўваліся. Любыя паказанні абвінавачаных, якія не супадаюць з афіцыйным гледзішчам следства, абрываліся на паўслове. Таксама не было адказаў на пытанні, якія мы задавалі сведкам абвінавачання.

Адзін сведка, супрацоўнік ДАІ, сцвярджаў, што перад ім была пастаўлена задача быць побач з плошчай і ахоўваць грамадскі парадак падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Я спытаў:

- А у абавязкі ДАІ уваходзіць ахова грамадскага парадку падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў?

Суддзя зняла маё пытанне.

Другі сведка абвінавачання заявіў, што асабіста аддаў загад кіроўцу аўтобуса № 100 праехаць праз натоўп.

Абвінавачаныя некалькі разоў запытвалі яго: " З якой мэтай ён аддаў гэты загад? Ці ўсведамляў ён магчымыя наступствы такога загаду?"

Выразнага адказу мы так і не атрымалі.

Яшчэ адзін сведка распавёў, што атрымаў указанні, апрануўшыся ў цывільнае адзенне, быць у натоўпе і выконваць распараджэнні кіраўніцтва. Ён заявіў, што 21 студзеня ўбачыў Андрэя Кіма, які з грамафонам у руцэ (гэты сведка ўпарта называў мегафон грамафонам) заклікаў да непарадку. Са словаў гэтага сведкі вынікала, што ў той момант, калі Кім нібыта спрабаваў перарваць ланцуг спецназу, каля яго знаходзіліся толькі пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі. У сувязі з чым паўстае пытанне: "Калі Кім нанёс удар міліцыянту, то чаму яго не затрымалі адразу, бо ён увесь час практычна знаходзіўся ў атачэнні супрацоўнікаў міліцыі?".

І яшчэ з паказанняў сведкі: удзельнікі акцыі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы - выкрыквалі лозунгі і нібыта лаяліся мацюкамі; выйшлі калонай на скрыжаванне - лаяліся мацюкамі, пайшлі па праспекце - лаяліся мацюкамі; пайшлі на плошчу Незалежнасці - лаяліся мацюкамі, перакрылі праспект - выкрыквалі лозунгі і лаяліся мацюкамі.

Гэта эпізод нагадвае мне выпадак, калі ў 1996 годзе за выкрыкванне лозунгаў і нецэнзурную лаянку асудзілі глуханямога ад нараджэння чалавека.

Паколькі гэты спецназавец 1973 году нараджэння, то, лічу, ён ужо шмат гадоў дае падобныя паказанні, якія не маюць ніякага дачынення да рэчаіснасці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках