9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Касцян: «Я у спісе пасля прэзідэнта дванаццатым іду...»

26

Працягам санкцый ЕС замацавала за шэрагам дзяржчыноўнікаў статус унутраных турыстаў. Пра перспектывы развіцця турыстычнай галіны ў Беларусі, дрэсіраваным ільве ў Прыпяцкіх джунглях і егіпецкіх недаедках карэспандэнту "Белгазеты" распавёў невыязны дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Сяргей Касцян.

- Якія месцы ў Беларусі найбольш прывабныя для турыстаў?

- Усяго не пералічыш! Я заўсёды быў прыхільнікам развіцця нашага ўнутранага турызму. Не выпадкова на сэсіі Славянскага парламенцкага савету летась мы прынялі ў першым чытанні мадэльны закон аб развіцці турызму паміж славянскімі дзяржавамі. У маі на чарговай сэсіі Славянскага парламенцкага савету мы будзем прымаць гэты закон у другім чытанні. Калі парламентарыям са славянскіх дзяржаваў мы паказалі Нясвіж, Мір, правезлі па абласцях, яны былі здзіўлены!

Я гарачы прыхільнік таго, каб нашы грамадзяне не рваліся кудысьці, а карысталіся прыродным багаццем, спрыяльным кліматам, чысцінёй нашых рэк. Бо на Захадзе даўно запаганены і Рэйн, і Дунай, і інш. А нашыя рэкі яшчэ цнатлівыя! І берагі іх. Вазьміце Сож, Днепр, Прыпяць, Піну, Дзвіну, Браслаўскія азёры!

Неяк здымала ў нас кіеўская кінастудыя фільм пра Сухамлінскага. Яны былі ў Мазыры, адкуль я сам і дзе мая акруга. Я іх павёз на маторках па Прыпяці. І рэжысёрка, якая сядзела са мной у лодцы, кажа: "Божачкі, колькі грошай змарнавалі!" Пярэчу: "Прабачыце, я не зразумеў, пра якія грошы кажаце, мы вас як дарагіх гасцей узялі на ўтрыманне. Вы ні за гатэль, ні за харч не плаціце". Яна: "Ды не, мы ездзілі ў Індыю джунглі здымаць, а там джунгляў жа ўжо няма!" А джунглі вось тут, уздоўж Прыпяці: асобныя рукавы, а па берагах велізарныя вербы, дзікі хмель, што абвівае іх, як ліяны. Цэлыя вяроўкі - бяры і гойдайся на іх! Гэтыя рукавы закрыты, ідзеш быццам у натуральны зялёны тунэль. Яна кажа: вось сюды б мы прыехалі - і грошай бы столькі не змарнавалі, прывезлі б сюды гэтага трэніраванага льва!

А потым далей праходзім - а там бабровыя хаткі! Бабры грэюцца, палошчуцца ў вадзе. Яна ўвогуле аслупянела: так гэта ўсё ў натуральным выглядзе?!

Вельмі часта чую шмат ад каго, хто ездзіў у Егіпет ці Турцыю: "Турысты салаты не даелі, а назаўтра яны ўсе гэтыя салаты збіраюць, трохі туды воцату, спецый і зноў недаедкі нам даюць!" Гэтае мора пад вечар ужо не мора, калі з раніцы людзі з усяго свету прыходзяць у яго выкупацца. А ў нас на Палессі якія чыстыя азёры! Бяры ваду адтуль – юшку вары, студзі, пі. З іншага боку, у нас няма культуры прапаганды нашых месцаў. Нам трэба уздымаць узровень абслугоўвання ў турызме.

- Якім чынам вы прапануеце ўзняць узровень абслугоўвання?

- Сэрвіс не павінен быць напышлівым, еўрапейскім, у ім мусіць быць нацыянальная славянская экзотыка: як калісьці ў нас на Палессі казалі, "латушкі", гліняныя міскі, драўляныя лыжкі… Мы не амерыканцы, не туркі і не арабы, у нас ёсць славянская разынка. Тыя ж бліны ў рускай печцы, яечня з салам, беларускі кулеш, мачанка... А бурачковы квас! У нас жа столькі буракоў, мы быдла імі кормім! Раз былі ў мяне госці з Нямеччыны. Паехалі да мяне ў вёску, быў канец траўня, гарачае надвор'е, дастаў я з пограбу гэтага квасу. Выпілі яны і ахнулі: як гэта вы робіце? Літоўцы робяць сваё хатняе шампанскае, а мы што, з гліны злепленыя? Каго ты здзівіш аліўе? А вось зрабі наш, натуральны, з крапівы! Маладой, зелянюткай…

Аграсядзібы - гэта таксама перспектыва. Паглядзіце, колькі турыстаў едзе ў Дудуткі. Цікавы той жа самагонны апарат, які быў спрадвеку: турыст каштуе самогонку і салёным агурком з мёдам заядае. Гэта экзотыка для замежніка - і карову падаіць, і казу, і за плугам на кані прайсці. А як гэта смачна - забіць кабана і зрабіць крывянку!

Нядаўна купляў на Камароўцы сала, раніцай у суботу. Браў для калегаў з Дзярждумы, сёння гэтае сала ўжо завезлі ў Маскву. Прадавачка кажа: "Вы з Масквы? Масквічы ў гэты час прыязджаюць да нас - і па 10 кг бяруць!" Чаму бы ў нас рэкламу не паказаць: вось сала, як яно пахне, якое яно смачнае!

Усё гэта можна паставіць на паток. Калі б мы гэты сэрвіс наладзілі, плыні турыстаў у Беларусь былі бы большыя, чым у Турцыю ці Егіпет.

- А як вы расцэньваеце працяг санкцый у дачыненні да дзяржчыноўнікаў, ён умацуе пазіцыі ўнутранага турызму?

- Я ж у гэтым спісе пасля прэзідэнта дванаццатым іду. Еўропа шуміць пра правы чалавека, аб свабоде перасоўвання, але выявіла свой твар, палітычную дзікасць, падвойныя стандарты. Ну і што? Мы нічога не страцілі. Што там глядзець? Іх дахоўкі? У нас таксама ўжо робяць такія дахі. Каменныя іх палацы? Наш гомельскі палац Паскевіча не саступае.

Ну Еўропа - і Еўропа... Камяню шмат, затое зеляніны няма. Эйфелева вежа? Нам яна не патрэбна, каму трэба - паглядзелі на яе па тэлевізары. У нас будзе будавацца свая тэлевізійная вежа, запланаваная да 2015 г., з аглядам усяго Менску. Альбо наша бібліятэка - у свеце такой няма! Ні Прага, ні Будапешт, ні Берлін не могуць пахваліцца такой плошчай, як у нас пл.Незалежнасці - тры ярусы пад зямлёй!

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках