Працэс 14-ці. Дзень другі
13:13, — Палітыка
У судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваецца працэс па справе ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Перад судом паўсталі 10 чалавек - Андрэй Кім (зняволены з 31 студзеня), Міхась Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімір Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхась Крываў і Таццяна Цішкевіч.
Яшчэ чацвярых – Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхася Субача і Максіма Дашука - сёння судзіць не будуць. Яны не паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, таму працэс над імі перанеслі на няпэўны час.
Нагадаем, што на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую і судзяць людзей, выйшла каля 5 тысяч прадпрымальнікаў, якія ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.
Сёньня на працэсе працягваюць даваць паказаньні супрацоўнікі міліціі, ДАІ і АМАПа, а таксама супрацоўнікі “Менсктаранса”.
Прадстаўнік “Менстрансу” Аляксандар Радзевіч заявіў у судзе , што пад час дэманстрацыі 10 студзеня адбыўся збой руху транспарту, асобныя аўтобусы накіроўваліся па іншых вуліцах. Супрацоўнікі АМАПа пад час суду блытаюцца ў сведчаньнях, даюць супярэчлівую інфармацыю.
Сьведка Абрамаў паведаміў суду, што дэманстранты нібыта не прапускалі “хуткую дапамогу”. Таксама Абрамаў сказаў, што дэманстранты перакрывалі праспэкт Пераможцаў, хаця акцыя праходзіла на праспекце Незалежнасьці.
У калідорах суду засталіся каля 15 чалавек, якім не хапіла месца ў залі. Да будынку суду прыйшлі лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі. Будынак суду ахоўваюць амапаўцы.
Міліцыянты не прапусьцілі ў суд двух чалавек. У тым ліку актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука. “Яны праверылі мой пашпарт, рэчы, забралі хустачкі з сымболікай “Маладога фронту”, паводзілі сябе зьдзекліва. Насьміхаліся і ўрэшце не пусьцілі ў суд”,-- паведаміў "Радыё Свабода" актывіст.




