Лукашэнка: «Гэтым 18-19-гадовым дзяўчатам ужо час нараджаць. Што яны робяць у вас у школах?»
59
14:19, — Палітыка
На нарадзе па пытанні мэтазгоднасці 12-гадовага навучання ў сярэдняй школе Аляксандр Лукашэнка выказаў сумнеў, што дзеці ад гэтага стануць разумнейшымі, паскардзіўся на складаныя задачкі для 5-га класа і здзівіўся, што настаўнікам не даюць выказваць пункт гледжання, адрозны ад афіцыйнага.
- Мы яшчэ не ўкрочылі на гэты новы шлях, але, калі сёння не будзе прынята іншых рашэнняў, то з верасня гэтага году працэс можа быць занядбаны. Таму менавіта сёння надыйшоў апошні тэрмін, калі яшчэ можна падумаць і аб'ектыўна ацаніць наступствы новаўвядзенняў, яшчэ не позна змяніць рашэнне, калі ў нас для гэтага будуць дастатковыя падставы, - цытуе словы кіраўніка дзяржавы "Інтэрфакс".
Па словах Лукашэнкі, "нельга не ўлічваць, што апошнім часам у грамадстве ўзнікла пэўная напруга ў сувязі з пераходам да 12-годкі і ўвогуле, з новаўвядзеннямі ў сярэдняй школе".
- Насцярожвае, што шмат у якіх выпадках нашы грамадзяне пратэстуюць супраць падаўжэння тэрміну школьнай адукацыі да 12 гадоў, бо не бачаць для гэтага якіх-небудзь сур'ёзных апраўданняў, - адзначыў Лукашэнка. - Тое, што адбываецца сёння ў сярэдняй школе, не можа задавальняць і мяне. Падаўжаем тэрмін навучання і адначасова абцяжарваем нашых дзяцей ускладненымі праграмамі. Часам не толькі дзеці, але і іх бацькі не могуць даць рады задачам для 5-га або 6-га класу.
Па словах Лукашэнкі, было адмыслова даручана здзейсніць маштабнае сацыялагічнае даследаванне і вывучыць "незангажаванае меркаванне нашых грамадзян па пытанні 12-гадовай адукацыі".
- Таксама я звярнуўся да некаторых бацькоў, дзеці якіх ходзяць у школу, высокапастаўленых бацькоў з даручэннем правесці кансультацыі з настаўнікамі. У выніку я са здзіўленнем даведваюся, што настаўнікам, аказваецца, закрываюць рот і не даюць выказаць пункт гледжання, адрозны ад афіцыйнага, - абурыўся Лукашэнка.
Ён заклікаў удзельнікаў нарады "падысці да разгляду пытання аб 12-годцы адказна, прынцыпова і творча" і ў выпадку чаго выправіць становішча і "пайсці слушным шляхам".
- Ці сталі нашы дзеці разумнейшымі і здаравейшымі ад таго, што пайшлі ў школу ў 6-гадовым узросце і правядуць там не 10 ці 11, а цэлых 12 гадоў? Ці так ужо трэба грамадству 12-гадовая сярэдняя адукацыя з профільным навучаннем і ці трэба нам арыентаваць усіх дзяцей выключна на паступленне ў вну? - запытваў беларускі кіраўнік.
Бо, па ягоных словах, "сёння людзей з дыпламамі вну ў нас і так зашмат, а рукамі працаваць сёння няма каму", адзначае "Салідарнасць".
- Што гэта за размовы ў педагогаў, калі яны кажуць з аднаго боку пра паскоранае развіццё, акселерацыю, а з іншага трымаюць за партай 17-18-гадовых маладзёнаў, - выказаў здзіўленне Лукашэнка. - Можа, я ўскладняю, але гэтым 18-19-гадовым дзяўчатам ужо час нараджаць, што яны і робяць у вас у школах.
Напісаць каментар (59)




