9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Платным аддзяленням вну загадана скараціць выпуск педагогаў, эканамістаў і юрыстаў

4

Беларускія вну мусяць скараціць выпуск "платнікаў" педагогаў, эканамістаў і юрыстаў. Такую думку выказаў на рэспубліканскай нарадзе адказных сакратароў прыёмных камісій вну першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Ён падкрэсліў, што ў 2007 годзе ў якасці беспрацоўных у Беларусі зарэгістравана амаль 1 тыс. выпускнікоў вну. Сярод іх - 83,4% навучаліся за небюджэтныя сродкі, у асноўным гэта педагогі, эканамісты і юрысты. Так, на спецыяльнасць "правазнаўства" у Берасцейскі дзяржаўны універсітэт ім. Пушкіна на дзённую бюджэтную форму навучання прынята 10 чалавек, а на ўмовах аплаты - 108, тая жа сітуацыя ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. Машэрава і ў некаторых іншых вну. Платныя групы фармуюцца за кошт высокай папулярнасці гэтых спецыяльнасцяў, але "неабходна ж думаць і пра тое, ці знойдуць яны сабе працу па спецыяльнасці", падкрэсліў Аляксандр Жук.

У 2007 годзе ўжо быў скарочаны прыём на бюджэтную форму навучання па спецыяльнасці "права", "эканоміка", а таксама на асобныя педагагічныя спецыяльнасці.

Як адзначыў Аляксандр Жук, набор першакурснікаў у вну ўвесь час рэгулюецца. Так, гэтым летам у дзяржаўныя вну будзе набрана на адну тысячу болей, чым у 2007/2008 вучэбным годзе. Як распавёў Аляксандр Жук у гутарцы з карэспандэнтам БелТА, у гэтыя вну ў 2008/2009 вучэбным годзе запланавана прыняць 81,2 тыс. чалавек, у тым ліку на дзённую форму 44,9 тыс. юнакоў і дзяўчат. З іх на бюджэтнай аснове будуць вучыцца 31,2 тыс. чалавек. Аплачваць навучанне будуць 50 тыс. першакурснікаў, з іх атрымліваць веды на дзённай форме навучання будуць 21,5 тыс. чалавек.

Па словах першага намміністра адукацыі, плануецца павялічыць набор на спецыяльнасці медычнага профілю, таксама ўзрасце колькасць першакурснікаў у вну міністэрстваў культуры і абароны. Інфармацыі пра тое, колькі першакурснікаў будзе навучацца ў вну прыватнай формы ўласнасці, пакуль няма.

У Беларусі прыём на атрыманне вышэйшай адукацыі здзяйсняюць 43 вышэйшыя навучальныя ўстановы дзяржаўнай формы ўласнасці і 10 вну прыватнай формы ўласнасці больш чым па 350 спецыяльнасцях і 1 тыс. спецыялізацыях.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках