9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутаты Эўрапарлямэнта будуць сачыць за «Чарнобыльскім шляхам»

1
Дэпутаты Эўрапарлямэнта будуць сачыць за «Чарнобыльскім шляхам»

Сёньня ў Брусэлі ў Эўрапарлямэнце адбыліся слуханьні “Чарнобыль сёньня”, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі. У парлямэнцкіх слуханьнях бралі ўдзел дэпутаты рабочай групы па сувязях зь Беларусьсю і яе кіраўнік Яцэк Пратасэвіч, прадстаўнікі Эўракамісіі, а таксама дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі.

“Гэта прыцягненьне ўвагі да чарнобыльскай праблематыкі ў сьвятле палітычнай сытуацыі ў Беларусі і геаграфічнага факту Беларусі як эўрапейскай краіны. Слуханьні рыхтаваліся даўно. І ў немалой ступені іх задачай было даць трыбуну прафэсару Бандажэўскаму і акадэміку Нікітчанку як носьбітам аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі”, -- паведаміў “Радыё Свабода” першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Вельмі шмат гаварылася пра гуманітарную і навуковую дапамогу, праграмы аздараўленьня дзяцей.

“Людзі ў Эўрапейскім парлямэнце і наагул нашы эўрапейскія сябры вельмі даткліва і па-чалавечы ставяцца да гэтых праблемаў, але мы ўсе ведаем, якія перашкоды ім ствараюцца, каб такая дапамога не магла нармальна аказвацца. Гэтае няшчасьце, гэтая катастрофа працягваецца, і пра гэта сёньня ішла размова. Чарнобыль быў і застаецца эўрапейскай праблемай. Дадзеныя адносна росту пэўных ракавых захворваньняў і пашкоджаньня органаў, асабліва ў дзяцей, ёсьць сыгналам, што гэта зусім ня скончана. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка стараецца гэта абсалютна закрыць і нават здымае ўсялякую дапамогу ахвярам Чарнобылю. Але Эўропа ня можа на гэта забыцца”, -- кажа палітык.

У сваім выступе спадар Вячорка закрануў, між іншым, пытаньне пра зьмякчэньне візавага рэжыму для беларусаў:

“Таксама я падняў пытаньне эфэктыўнасьці і магчымага далейшага пашырэньня “чорнага” візавага сьпісу для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Сярод кандыдатаў я назваў судзьдзяў, рэктараў і кіраўнікоў унівэрсытэтаў, зь якіх выкідаюць студэнтаў. І таксама я запрасіў эўрадэпутатаў пільна сачыць за сытуацыяй у Беларусі напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”, прэвэнтыўныя арышты ўжо пачаліся. І падчас “Чарнобыльскага шляху” пільна назіраць за падзеямі, а магчыма, і прыехаць тым, хто можа”, -- сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Па выніках слуханьняў ухваленая дэклярацыя. У ёй даецца палітычная ацэнка чарнобыльскай катастрофы як злачынства савецкага рэжыму. У дакумэнце таксама гаворыцца, што аўтарытарная прырода і самаізаляцыянісцкая палітыка беларускага рэжыму стварае дадатковыя перашкоды для таго, каб эфэктыўна пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. І, на жаль, не спрыяе шчыльнейшай супрацы з Эўразьвязам па шырэйшым коле пытаньняў агульнага клопату, уключна з чарнобыльскімі. Такім чынам, яна не дазваляе перайсьці да больш грунтоўнай фінансавай падтрымкі Эўразьвязам гэтых пытаньняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках