Менск можа пасунуць імпарцёраў, у тым ліку расійскіх
2
11:46, — Эканоміка
Аляксандр Лукашэнка ў пачатку тыдня адмяніў забарону на продаж акцыяў АТ, набытых падчас чэкавай прыватызацыі. Гэта дало падставу экспертам казаць пра пачатак прыватызацыйных працэсаў у Беларусі. Але, як высвятлілася ўчора, яны не закрануць айчынныя броварныя прадпрыемствы, якія Лукашэнка спрабуе абараніць.
Беларускі кіраўнік падпісаў дэкрэт № 7, які адмяняе забарону на рух акцыяў, набытых падчас прыватызацыі на льготных умовах. Нагадаем, ён быў уведзены ў 1998 годзе для таго, каб прадухіліць распродаж прадпрыемстваў за бесцань.
Аднак да страты кантролю над АТ Аляксандр Лукашэнка пакуль не гатовы. Дэкрэт вызначае, што сёлета свабодна прадаваць можна толькі акцыі тых прадпрыемстваў, у якіх доля дзяржавы дасягае 75% і болей. Пачынаючы з 1 студзеня 2009 году можна будзе развітацца з акцыямі тых АТ, дзе дзяржава валодае 50%. Цалкам мараторый на рух акцый мусіць быць зняты з 1 студзеня 2011 году.
Мясцовыя эксперты далі станоўчую адзнаку прынятаму рашэнню. Эксперты кажуць пра далейшае ажыўленне няразвітага, у тым ліку і з-за мараторыя, фондавага рынку.
Праўда, што дакладна будзе прадавацца, пакуль невядома. Няясна, у якой ступені замежны інвестар зможа ўдзельнічаць у прыватызацыйных працэсах. На думку кіраўніка беларускага аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, першымі ў чарзе на частку ўласнасці будуць стаяць беларускія чыноўнікі. "Гэта пачатак канвертавання ўлады палітычнай у эканамічную", - сказаў ён "НГ". На думку эксперта, Лукашэнка мусіць падзяліцца ўласнасцю "са сваёй кіруючай элітай".
Асцярожны падыход да замежнага інвестара прадэманстравала сустрэча Лукашэнкі з кіраўніцтвам броварнай кампаніі Heineken N.V, якая адбылася ў дзень абвяшчэння дэкрэту № 7. Нагадаем, тры месяцы таму гэтая галандская кампанія, якая займае трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па памерах вытворчасці, купіла долю беларускага броварнага прадпрыемства "Сябар". Падчас сустрэчаў Лукашэнка засцярог інвестара ад намераў заціснуць мясцовыя бровары. Якім, у выпадку чаго, будзе механізм стрымлівання залішняй актыўнасці інвестара, ён не сказаў, аднак растлумачыў, што ўсё рашэнні ён будзе прымаць з улікам інтэрасаў мясцовых бровараў.
Дарэчы, падчас сустрэчаў беларускі кіраўнік выказаўся і з нагоды піўнога імпарту, што цікава для расейскіх вытворцаў, якія сёння ўпэўнена займаюць, згодна з ацэнкамі экспертаў, каля 20% беларускага рынку. "Нам час адыходзіць ад імпарту", - сказаў Лукашэнка. Па ягоных словах, замежныя брэнды могуць быць прэзентаваны ў Беларусі толькі ў тым выпадку, калі інвестар наладзіў вытворчасць прадукцыі тут. У той самы час нядаўна на ўзроўні прэзідэнта было прынята рашэнне пра тое, каб дзяржакцыі броварных кампаній не прадаваліся замежнаму інвестару. Меркавалася, што на базе дзяржаўных прадпрыемстваў будзе створаны холдынг, каб там маглі засяродзіцца ўсе мясцовыя інвестыцыі.
Што да прыватных кампаній, акцыі якіх маглі б купіць расейскія вытворцы, то тэарэтычна гэта могуць быць беларуска-літоўскае ААТ "Рэчыцапіва" і ААТ "Лідскае піва". У першым можа быць прададзена доля літоўскага інвестара (30%) і частка пакету мясцовых уладаў. Другое зусім без дзяржаўнага капіталу. Менавіта на іх скіраваны позіркі патэнцыйных інвестараў.





