У Расеі свае забароненыя музыкі: гурты ДДТ і «Телевизор»
7
11:13, — Культура
На пецярбургскім тэлеканале "100 ТВ" адменены прызначаны на 24 красавіка эфір з удзелам гурта "Телевизор". Рэдакцыю не задаволілі надзённыя тэксты апошніх песняў лідэра групы Міхаіла Барзыкіна. Аналагічная сітуацыя склалася з Юрыем Шаўчуком і групай ДДТ.
24 красавіка Міхаіл Барзыкін з гуртом " Телевизор" мусілі ўдзельнічаць у праграме "100-процентный звук", дзе музыкі выступаюць у жывым эфіры. Аднак пасля таго, як на тэлебачанні пабачылі тэксты апошніх песняў рок-музыкаў, тэлеканал адмовіў ім ва ўдзеле ў праграме, паведамляюць Грани.ру.
"Пасля таго як эфір адкладаўся двойчы па нейкіх прычынах, мяне папрасілі падаць тэксты нашых песняў і пасля знаёмства з імі нам заявілі, што "цяпер такая сітуацыя, што мы не можам сабе гэтага дазволіць", - сказаў Барзыкін.
Раней паведамлялася, што на тэлеканале "Культура" забаранілі дэманстрацыю песняў Юрыя Шаўчука. Акрамя таго, сёлета Шаўчук упершыню за шмат гадоў не быў запрошаны на канцэрт у гонар народзінаў Булата Акуджавы, які ладзіцца "Культурай" у Перадзелкіна. Прычына - удзел Шаўчука ў апошнім "Маршы нязгодных".




