Аляксандра Атрошчанкава вызвалілі
17:47, — Палітыка
Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава вызвалілі з суду Цэнтральнага раёна Менску пасля складання пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні..
Атрошчанкаў быў затрыманы ў залі суда, дзе сёння праходзіў працэс па справе ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
Актывіста абвінавацілі нібыта ў «абразе» суддзі Алены Ільіной, якая вынесла сёння прысуд Андрэю Кіму ў выглядзе 1,5 гадоў калоніі і двух гадоў выпраўленчых работ па месцы працаўладкавання і штрафаў астатнім удзельнікаў акцыі пратэсту
Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава.традыцыйна затрымалі напярэдадні масавых акцыяў апазіцыі (26 красавіка ў Менску пройдзе «Чарнобыльскі шлях»).
Напярэдадні Еўрапейскага Маршу, які праходзіў у Менску 14 кастрычніка мінулага году, дэмакратычнага актывіста арыштавалі ва ўласнай кватэры. Міліцыянты ўварваліся ў кватэру апазіцыянера на другім паверсе (!) праз вакно і правялі ператрус. Супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што да іх нібыта паступіла ананімнае тэлефанаванне аб тым, што там знаходзіцца труп. Аднак, як толькі міліцыянты трапілі ў кватэру, першай справай яны зацікавіліся кампутарамі. З кватэры была канфіскаваная аргтэхніка, у тым ліку кампутар, інфармацыйныя матэрыялы да Еўрапейскага Маршу, сцягі Еўразвязу і беларускі нацыянальны герб «Пагоня».
На наступны дзень пасля ператрусу актывіста асудзілі на 10 сутак арышту. Міліцыянты, якія пазаконна ўварваліся ў кватэру, «сведчылі», што затрыманы нібыта «нецэнзурна лаяўся».




