Жорсткае забойства грамадзяніна Непала ў Менску
2- 23.04.2008, 11:52
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі падазраваных у забойстве грамадзяніна Непала ў Менску, паведамілі "Інтэрфаксу" у праваахоўных органах.
"Затрыманы падазраваныя ў забойстве грамадзяніна Непала, труп якога быў знойдзены ў Менску на мінулым тыдні", паведамілі ў праваахоўных органах. "Цяпер ідзе праверка іх дачынення да гэтага забойства", сказалі суразмоўцы агенцтва. У праваахоўных органах адмовіліся паведаміць пра колькасць затрыманых і іх грамадзянства, спаслаўшыся на таямніцу следства.
Як раней паведамляў "Інтэрфакс" са спасылкай на ГУУС Менска, труп грамадзяніна Непала 1965 года нараджэння быў знойдзены каля рэкі Лошыца насупраць дома нумар 40 па 4-м Берасцейскім завулку ў Менску. Грамадзянін Непала меў від на жыхарства ў Менску, працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, здымаў кватэру ў пенсіянеркі па вуліцы Валгаградскай, паінфармавалі ў ГУУС.
Згодна з высновай судова-медыцынскай экспертызы, смерць мужчыны наступіла ад шматлікіх траўмаў мяккіх тканін галавы, пералому ніжняй сківіцы, шматлікіх пераломаў рэбраў, пералому грудзіны, пералому двух пазванкоў і болевага шоку, паведамілі ў ГУУС.
Пракуратурай Кастрычніцкага раёна Менска распачата крымінальная справа па факце забойства грамадзяніна Непала.