9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грамадскасць просіць у Навумава тлумачэнняў

5

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч просіць міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумова растлумачыць прычыны, па якіх кіраўніцтва менскага СІЗА № 1 не магло трымаць у нармалёвым тэхнічным стане Пішчалаўскі замак, што прывяло да разбурэння яго заходняй вежы.

Пра гэта гаворыцца ў лісце, скіраваным 21 красавіка А.Астаповічам У.Навумаву.

У дадатак, старшыня аб'яднання цікавіцца, як МУС выконвае артыкулы 32, 38, 44 і 53 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" ад 9 студзеня 2006 года ў дачыненні аб'ектаў, якія знаходзяцца на балансе міністэрства і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Згаданыя артыкулы патрабуюць ад уласніка будынкаў, занесеных у гэты спіс, здзяйснення супрацьаварыйных працаў, а таксама прыняцця захадаў па падтрыманні тэхнічнага і санітарнага стану помніка. Для рашэння такіх задач уласнік будынкаў мусіць трымацца адпаведных ахоўных абавязкаў, піша газета "Товарищ".

Нагадаем, раніцай 20 красавіка абрынулася адна з чатырох вежаў Пішчалаўскага замка - помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння рэтраспектыўна-замкавага стылю, збудаванага ў 1825 годзе на гары ў Раманаўскім прадмесці Менска па праекце архітэктара Міхала Пішчалы. Замак з’яўляецца цагляным трохпавярховым прастакутным у плане будынкам з вальмавым дахам і чатырма круглымі вежамі па кутах. Вежы, аздобленыя нішамі, сканчаюцца прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прастакутныя праёмы вокнаў. Будынак абнесены цагляным мурам, умацаваным контрфорсамі. Збудаваны як турэмны замак, будынак на працягу амаль двух стагоддзяў выконвае сваю функцыю. У другой палове XIX стагоддзя ў замку былі царква, шпіталь, школа, аптэка і майстэрні.

У сувязі з разбурэннем вежы міжведамнай камісіі, створанай у 2005 годзе для рашэння пытанняў рэстаўрацыі будынка, даручана да 1 траўня скіраваць ва ўрад прапановы па перамяшчэнні турмы ў іншы будынак і пачатку ўзнаўлення Пішчалаўскага замка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках