Беларускі МЗС спрабуе пазбавіцца ад амерыканскіх дыпламатаў
6
16:46, — Палітыка
Часовы Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур сёння, 23 красавіка, быў запрошаны ў Міністэрства замежных справаў Беларусі.
«У сувязі з захаваннем ЗША ў адносінах беларускіх эканамічных суб’ектаў санкцыйных мераў, якія абмяжоўваюць аб’ём двухбаковых адносінаў, і адмовай Злучаных Штатаў ад узаемапрымальнага ўрэгулявання сітуацыі беларускі бок у адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах прапанавала рэалізаваць рэкамендацыю МЗС Беларусі аб скарачэнні на парытэтнай аснове амерыканскай дыпламатычнай прысутнасці ў Менску і беларускага - ў Вашынгтоне», -- гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.
Дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і ЗША пачаўся пасля ўвядзення Амерыкай санкцыяў супраць беларускага рэжыму за адмову вызваляць з турмаў палітзняволеных.
7 сакавіка пасля апублікавання тлумачэнняў да санкцыяў ЗША ў адносінах «Белнафтахіма» з Вашынгтона быў адазваны амбасадар Беларусі Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка з Менску па настаянні беларускага боку адбыла амбасадар ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка з Беларусі адбылі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персанала сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. Як патлумачыў 2 красавіка намеснік міністра замежных справаў Віктар Гайсёнак, Беларусь хоча давесці колькасць сваіх дыпламатаў у ЗША і амерыканскіх — у Беларусі «да парытэту па формуле «адзін плюс шэсць» (адзін амбасадар і шэсць супрацоўнікаў).
5 красавіка намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША Том Кейсі назваў новае патрабаванне Беларусі «неапраўданым і неправамерным».





