Амбасадзе ЗША прапанавалі пакінуць усяго 5 дыпламатаў
12- 24.04.2008, 9:03
Амбасадзе ЗША прапанавана да 30 красавіка падаць беларускаму боку спіс з пяці амерыканскіх дыпламатаў, якія застануцца працаваць у Беларусі.
Як паведамілі БелаПАН у амерыканскай дыпмісіі, пра гэта было заяўлена часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джонатану Муру 23 красавіка ў беларускім МЗС.
"Спадар Мур выказаў пратэст адносна гэтага новага патрабавання і адзначыў, што гэты беспрэцэдэнтны і неапраўданы крок беларускіх уладаў прывядзе да сур'ёзных наступстваў", - паведамілі ў амбасадзе.
Мур таксама запэўніў прадстаўнікоў МЗС Беларусі ў тым, што паінфармуе Дзярждэпартамент ЗША і "дасць адказ беларускім уладам у належны час".
7 сакавіка пасля апублікавання заўваг да санкцый ЗША ў дачыненні да "Белнафтахіму" з Вашынгтона быў адкліканы амбасадар Беларусі Міхась Хвастоў. 12 сакавіка Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Беларусь пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. Як растлумачыў 2 красавіка намеснік міністра замежных справаў Віктар Гайсёнак, Беларусь хоча давесці колькасць сваіх дыпламатаў у ЗША і амерыканскіх - у Беларусі да парытэту па формуле "адзін плюс шэсць" (адзін амбасадар і шэсць супрацоўнікаў).