Прэцэдэнт?
- 24.04.2008, 15:28
Суд Першамайскага раёну Віцебска вярнуць у міліцыю адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на мясцовага праваабаронцу Паўла Лявінава.
Суддзя Алена Жук палічыла дастатковай падставай для задавальнення хадайніцтва праваабаронцы выказаныя ім у пратаколах прэтэнзіі адносна таго, што пры затрыманні ў аддзяленні міліцыі яму не растлумачылі ягоныя грамадзянскія правы і адмовілі ў запрашэнні адваката, паведамляе БелаПАН.
«На трох апошніх судовых паседжаннях я 24 разы выступаў з хадайніцтвамі, і толькі тры з іх былі задаволеныя судом, — паведаміў БелаПАН Лявінаў. — 22 разы я патрабаваў адводу суддзі. Алена Жук, на маю думку, неаднаразова парушала нормы заканадаўства і ігнаравала нормы Канстытуцыі, аднак гэтыя адводы не былі прынятыя. З самога пачатку разгляду маёй справы я сцвярджаў, што абвінавачванне ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі і нецэнзурнай лаянкі ў іх адрас не мае пад сабой ніякай падставы».
Праваабаронца быў затрыманы 27 сакавіка і абвінавачаны па артыкулах 17.1 і 23.4 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). На працягу некалькіх гадзінаў супрацоўнікі міліцыі не дапушчалі яго ў кватэру незалежнага журналіста Вадзіма Баршчэўскага, дзе адбываўся ператрус па распараджэнні сталічнай пракуратуры.
У знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоны погляд, затрымання і абвінавачвання Лявінаў абвясціў галадоўку, якая працягвалася з 27 сакавіка па 10 красавіка, і на судовыя паседжанні прыходзіў у майцы з надпісам «Нецэнзурна не выражаюся».