Беларускія чыноўнікі насмяшылі «Газпром»
8- 28.04.2008, 8:41
Беларусь вылічыла свой бюджэт на 2009 год сыходзячы з кошту на расейскі газ у 140 даляраў за тысячу кубаметраў і спадзяецца зацвердзіць гэты кошт у "Газпроме". Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер урада Беларусі Андрэй Кабякоў.
Аднак у "Газпроме" лічаць, што льготы для Беларусі не мусяць перавышаць 20% ад еўрапейскага кошту, які ўжо сёння сягае за 310-320 дал. Апрача таго, сам "Газпром" будзе закупляць азіяцкі газ у 2009 годзе недзе па 210 дал. за тыс. кубаметраў, піша расейская " Независимая газета".
Менск разлічвае, што кошт на расейскі газ у 2009 годзе складзе 140 дал., заявіў, у адказ на пытанне Інтэрфакса віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў. Па ягоных словах, на падставе гэтага кошту і фармуецца бюджэт рэспублікі на 2009 год. "Спачатку гэты кошт узгоднены дамовай, падпісанай у 2006 годзе. Паводле гэтых дамоўленасцяў, мы вядзем перамовы з Расеяй па кошце на газ у 2009 годзе. Мы ўзялі ў разлік гэтую лічбу - 140 даляраў", - заявіў Кабякоў.
Пры гэтым беларускі віцэ-прэм'ер патлумачыў, што "названы кошт - гэта наша прапанова". "Мы даволі своечасова паставілі свае праблемныя пытанні, і калегі не адмаўляюцца іх абмяркоўваць", - сказаў Кабякоў, у адказ на пытанне пра магчымае карэктаванне цяперашняга кошту на газ. "Працэс перамоваў ніколі не спыняўся, пагатоў мы стварылі з "Газпромам" газатранспартнае СП і спадзяемся, што вынікі перамоваў будуць як мага хутчэйшымі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Між тым у мінулую сераду савет дырэктараў "Газпрома" афіцыйна зацвердзіў зусім іншы падыход да коштаўтварэння на газ для Беларусі. "31 снежня 2006 года "Газпром" і "Белтрансгаз" падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007-2011 гадах. Дакументам вызначана формула кошту з 1 студзеня 2008 года, якая адпавядае формуле кошту пры пастаўках расейскага газу ў Еўропу, а таксама паніжальныя каэфіцыенты кошту на 2008-2010 гады - 0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна", - заявіла ўпраўленне інфармацыі "Газпрома". Цяперашнія кошты паставак расейскага газу ў краіны Прыбалтыкі і Польшчу складаюць ад 280 да 320 дал. за тысячу кубоў. Гэта значыць, што нават з улікам ільготы ў 20% кошт расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа перавысіць 200 дал.
Яшчэ адной ніжняй коштавай мяжой для "Газпрома" з'яўляюцца кошты на набываны ім цэнтральнаазіяцкі газ. У сакавіку дзяржкампаніі Казахстана, Узбекістана і Туркменіі дамовіліся з "Газпромам" пра павелічэнне з 2009 года коштаў газу да еўрапейскага ўзроўню. Выступаючы з фінансавай справаздачай у пачатку красавіка ў Лондане, віцэ-прэзідэнт "ЛУКОЙЛа" Леанід Фядун заявіў, што, на ягоную думку, кошт азіяцкага газу ў наступным годзе выйдзе на ўзровень 210 дал. "ЛУКОЙЛ" здабывае газ ва Узбекістане і прадае яго "Газпрому" па тых самых коштах, што і дзяржаўны "Узбекнафтагаз". Такім чынам, купля газу па 210 і продаж яго Менску танней за 210 - гэта прыклад антыэканамічнай палітыкі, на якую наўрад ці пагодзіцца "Газпром".
Адзначым, што ў першым квартале 2008 года Менск купляў расейскі газ па 119 дал. за тысячу кубаметраў. На другі квартал агучваецца кошт у 128 дал. Між тым намеснік дзяржсакратара "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расеі Васіль Хрол заявіў у пачатку красавіка, што кошт на расейскі газ у другім паўгоддзі можа перавысіць 200 дал. "Наступны кошт на газ будзе больш чым 200 даляраў па формуле кошту", - сказаў Васіль Хрол.
У 2007 годзе Беларусь атрымала 21,1 млрд. кубаметраў расейскага газу. План паставак на 2008 год - 21,6 млрд. кубаметраў.