9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэс-служба Лукашэнкі не каментуе інфармацыю аб ягоных трох сынах

2

Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі не стаў каментаваць БелаПАН інфармацыю аб тым, што ў Аляксандра Лукашэнкі тры сыны.

Звесткі аб тым, што ў кіраўніка дзяржавы ёсць трэці сын Мікалай, якому зараз чатыры гады, распаўсюдзіла 28 красавіка са спасылкай на агенства Інтэрфакс «Комсомольская правда в Беларуси». Гэтая інфармацыя прыводзілася ў сувязі з заявай, якую А.Лукашэнка зрабіў пад час наведвання Хойніцкага раёна. У прыватнасці, адказваючы на пытанні журналістаў, беларускі кіраўнік заявіў: "Паўсюль мусуецца пытанне, што нібыта гэтая арганізацыя (маецца на ўвазе грамадскае аб’яднанне "Белая Русь" — БелаПАН.) стваралася пад будучага прэзідэнта, і што гэтым прэзідэнтам будзе мой старэйшы сын. Я ўжо сказаў: малодшы сын будзе прэзідэнтам Беларусі".

Акрамя таго, падставай для ўзнікнення чутак аб трэцім сыне прэзідэнта стала публічнае з’яўленне А.Лукашэнкі з хлопчыкам год чатырох на рэспубліканскім суботніку 19 красавіка, а таксама пад час працоўнай паездкі па Гомельскай вобласці 25—27 красавіка.

"Я, як кіраўнік прэс-службы прэзідэнта, адказваю за асвятленне дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі як службовай асобы, — заявіў БелаПАН Павел Лёгкі. — Сям’я прэзідэнта, ягонае асабістае жыццё — гэта тыя пытанні, якія ён заўсёды каментуе сам. Гэта не тая сфера жыцця кіраўніка дзяржавы, якую я магу кранаць у сілу сваіх службовых абавязкаў".

Пры гэтым П.Лёгкі адзначыў: "Выдатны хлопчык, бачыў я яго. Кіраўнік дзяржавы яму нават ікону перадаў, якую яму падарылі. Неяк не пацікавіўся, адкуль узяўся хлопчык, не праявіў цікаўнасці".

Варта адзначыць, што ў біяграфіі А.Лукашэнкі, апублікаванай на афіцыйным сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусі, няма звестак аб дзецях. Да цяперашняга часу грамадскасці было вядома аб двух сынах прэзідэнта — Віктары (1976 года нараджэння) і Зміцеры (1979). Першы з’яўляецца памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і сябрам Савета бяспекі, другі — узначальвае Прэзідэнцкі спартовы клуб.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках