9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МУС збіраецца разабрацца з «паклёпам» у інтэрнэце

29

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі збіраецца "ачысціць інтэрнэт ад паклёпу і брыдкаслоўя".

Прадстаўнікі сілавога ведамства выступілі з ініцыятывай змясціць на галоўных інтэрнэт-парталах краіны сацыяльную рэкламу з заклікам не лаяцца і не паклёпнічаць на блізкіх, піша газета "Ежедневник".

Як бачна па першай рэакцыі трымальнікаў лічбавых рэсурсаў, ідэя МУС знойдзе належную падтрымку і вольныя рэкламныя пляцоўкі.

Пакуль невядома, у якім выглядзе МУС будзе даносіць да карыстальнікаў вялікія ісціны дзейнага заканадаўства. Эксперты з ліку праваахоўнікаў лічаць, што ўсе беды Байнэту ў абсягу паклёпу і брыдкаслоўя палягаюць на няслушным разуменні самога Сеціва. Многія беларусы дагэтуль наіўна лічаць, што інтэрнэт - гэта выспа волі і ўсёдазволенасці. Насамрэч сеціўныя рэсурсы даўно жывуць па правілах крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў Беларусі, пра што шараговыя наведнікі форумаў, на думку працаўнікоў МУС, так бы мовіць, ні сном ні духам. Пацешна, але асветніцкая праца знаходзіцца акурат у кампетэнцыі міністэрства. Аднак, як прызнаўся на адмысловым "круглым стале" па праблемах Байнэту намеснік начальніка ўпраўлення МУС па разглядзе злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Ігар Пармон, прафілактычная праца з карыстальнікамі глабальнага сеціва ў Беларусі вядзецца недастаткова актыўна.

Сацыяльная рэклама - рэальная магчымасць акультурыць інтэрнэт-супольнасць, прышчапіць ёй культуру зносінаў і павагу да блізкіх. Дзеля гэтай добрай справы ўладальнікі інфармацыйных парталаў нават гатовы ахвяраваць рэкламнымі плошчамі. Вось толькі на водкуп МУС, бадай, будуць аддадзены пляцоўкі, вольныя ад камерцыйных банэраў і прапановаў. Такім чынам, механізм выхавання беларусаў будзе праходзіць па схеме кампаніі Google - час ад часу, калі на віртуальны квадрат не знайшлося шчаслівага пакупніка. Дадатковы бонус - акцэнт на прававых аспектах пры рэгістрацыі і працы на форумах.

Нягледзячы на тое, што выразнага плану дзеяння ў МУС пакуль няма, можна выказаць здагадку, што, у дадатак да высокіх заклікаў, банэры будуць мець яшчэ і вытрымкі з заканадаўчых артыкулаў. Спецыялісты ў пагонах упэўнены, што, ведаючы пра магчымае пакаранне, фарумчане будуць фільтраваць віртуальныя спічы, як гэта варта рабіць у любым грамадскім месцы. Дарэчы, ідэя прыроўніць інтэрнэт да грамадскага месца лунае ў сілавых структурах ужо даўно. На жаль для яе аўтараў, Сеціва пакуль не трапляе пад заканадаўчае азначэнне паркаў, крамаў і прыпынкаў. Хоць пэўная рацыя ва ўхвальным парыве ўладаў усё ж ёсць. Але ўраўнаваць віртуальныя і рэальныя зносіны без уліку іх спецыфікі вельмі складана. Калі не зважаючы, фармальна залічыць Сеціва да грамадскіх месцаў, паўстануць заканадаўчыя калізіі, кшталту забароны з'яўляцца ў Сеціве ў нецвярозым стане. У той самы час працаўнікі МУС падкрэсліваюць, што інтэрнэт даўно перастаў быць ананімным месцам. Адсачыць любога карыстальніка – пытанне тэхнікі. Адпаведна, можна без усялякіх праблемаў распачаць крымінальны ці судовы пераслед за непажаданыя выказванні ды адважныя заклікі. Магчыма, маштабны наступ праваахоўнікаў на віртуальныя ўмацаванні не за гарамі. Але пакуль справа абмяжуецца толькі масавай сацыяльнай рэкламай і заклікамі да сумлення.

На думку дырэктара па хостынгу УП "Надзейныя праграмы" (куратара форумаў партала tut.by) Сяргея Павалішава, асаблівага культурнага эфекту ад ініцыятывы МУС чакаць не выпадае:

- Не думаю, што сацыяльная рэклама можа падвысіць культуру беларусаў і грамадства агулам. Калі людзі не ўмеюць кантраляваць сябе, то ніякія банэры не змогуць гэта выправіць, падвысіць культуру. Рэкламныя банэры і блокі самі па сабе выклікаюць раздражненне. Няцяжка ўявіць, у што выльецца спроба праз рэкламу пераканаць беларусаў паводзіць сябе ў Сеціве прыстойна. Праблема палягае ў тым, што беларусы паводзяцца ў інтэрнэце сапраўды гэтаксама, як і ў рэальным жыцці. Інтэрнэт - гэта люстэрка грамадства. Проста ўсе культурныя працэсы ў Сеціве выяўляюцца найбольш яскрава. На Захадзе можна назіраць больш паважлівае стаўленне як на вуліцах, так і на шматлікіх форумах. Проста ў іншых краінах па-іншаму наладжаны працэс выхавання грамадзян. Ім прышчапляюць павагу да закону з дзяцінства. Так што ў справе акультурвання Байнэту патрэбны комплексны падыход, а не толькі сацыяльная рэклама.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках