Аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі - дакументальна
4
8:51, — Палітыка
Аналітычны агляд "Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе" агучаны 29 красавіка ў Менску.
Дакумент падрыхтаваны на падставе асабістых зваротаў ахвяраў парушэнняў правоў чалавека, фактаў, зарэгістраваных праваабаронцамі, а таксама матэрыялаў друкаваных і электронных СМІ. Агляд суправаджаецца фатаграфіямі.
Як адзначыў на прэзентацыі адзін з аўтараў дакумента віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека праваабаронца Алесь Бяляцкі, у кнізе змяшчаюцца найбольш характэрныя факты парушэнняў правоў і вольнасцяў грамадзян, у тым ліку па палітычных матывах. Вядзецца пра парушэнне права на свабоду слова і атрыманне праўдзівай інфармацыі, на свабоду асацыяцыяў, мірных збораў і веравызнання, пра ціск спецслужбаў на актыўных грамадзян. На думку А.Бяляцкого, з 1996 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршаецца.
"Правы чалавека не з'яўляюцца для беларускіх уладаў самадастатковай рэальнай каштоўнасцю, а выкарыстоўваюцца адпаведна з палітычнай мэтазгоднасцю, скіраванай перадусім на ўтрыманне палітычнай улады", - заявіў А.Бяляцкі. Па ягоных словах, за першыя чатыры месяцы 2008 года ў параўнанні з тым самым леташнім перыядам колькасць рэпрэсіўных працэсаў павялічылася ў два разы. "З пачатку года зафіксавана больш за 300 фактаў адміністрацыйнага пераследу, больш за 10 палітычна матываваных крымінальных справаў, масавыя ператрусы ў незалежных журналістаў, нябылыя са сталінскіх часоў. Перад пагрозай закрыцця стаяць некалькі сотняў грамадскіх арганізацый, 10 студэнтаў адлічаны з універсітэтаў за грамадскую дзейнасць, а наперадзе яшчэ парламенцкая кампанія з усімі яе "прыемнасцямі" - нейтралізацыямі і зачысткамі", - адзначыў праваабаронца.
Як лічыць А.Бяляцкі, улады нясуць адказнасць за адсутнасць у краіне грамадска-палітычных вольнасцяў, якая прыводзіць да дэградацыі грамадства. Галоўнай задачай беларускіх праваабаронцаў ён бачыць "падтрымку працэсу ўсведамлення каштоўнасці індывідуальнай свабоды кожным беларускім грамадзянінам". "Вінаватыя ў парушэнні правоў і вольнасцяў грамадзян рана ці позна панясуць маральнае і прававое пакаранне", - лічыць праваабаронца.




