Зварот моладзевых лідэраў да беларусаў замежжа, да сябраў Беларусі ў свеце
25- 8.04.2008, 13:10
Сябры! У першыя месяцы 2008 году беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў. 25 сакавіка была гвалтоўна разагнаная святочная мірная дэманстрацыя, прысвечаная абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дзесяткі яе ўдзельнікаў былі жорстка збітыя АМАПам, больш за сотню чалавек затрыманыя.
Праз дзень пасля акцыі ў розных гарадах краіны прайшлі вобыскі на кватэрах журналістаў замежных СМІ, якія працуюць у Беларусі.
8 красавіка ў Полацку судзяць Кацярыну Салаўёву. Ёй пагражае да 2 год пазбаўлення волі.
16 красавіка пачынаецца суд над удзельнікамі акцыі пратэсту, што адбылася 10 студзеня ў Мінску. 14 маладзёжным актывістам пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да трох год. Сяргею Парсюкевічу і Андрэю Кіму пагражае да шасці год турмы.
Асноўныя рэпрэсіі ўлады скіроўваюць супраць моладзі, якая змагаецца за свабодную, еўрапейскую Беларусь.
16 дня кожнага месяца праходзяць Дні Беларускай Салідарнасці. Людзі выходзяць на вулічныя акцыі з партрэтамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і запаленымі свечкамі, адбываюцца малебны і канцэрты, паказы фільмаў і выставы, прысвечаныя падзеям у Беларусі. Тысячы акцый, якія прайшлі па ўсім свеце, прынеслі вынік. На волю выйшла большая частка палітвязняў. Гэта адбылося, у першую чаргу, дзякуючы салідарнасці і міжнароднаму ціску на беларускія ўлады!
16 красавіка пачнецца суд над нашымі сябрамі. Яго вынікі залежаць і ад міжнароднай рэакцыі.
Мы звяртаемся да беларусаў замежжа, да сябраў нашай краіны ва ўсім свеце.
- правядзіце 16 красавіка акцыі на вуліцах вашых гарадоў, каля беларускіх амбасадаў і консульстваў з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі;
- звярніцеся да ўрадаў вашых краінаў, каб яны узмацнілі ціск на беларускія ўлады з мэтай вызвалення палітычных вязняў і спынення рэпрэсій;
- інфармуйце СМІ вашых краінаў для таго, каб людзі ведалі, што адбываецца сёння ў Беларусі.
Зараз нашай краіне патрэбная ваша падтрымка і салідарнасць.
Жыве свабодная еўрапейская Беларусь!
Наста Палажанка, Яўген Афнагель, Алесь Каліта, Міхаіл Пашкевіч.