Джонатан Мур: «Афіцыйнага рашэння пра закрыццё амбасады ў Менску пакуль няма»
6
21:46, — Палітыка
Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур паведаміў прэс-цэнтру Хартыі'97, што "афіцыйнага рашэння пра закрыццё амбасады ў Менску пакуль няма".
Па словах дыпламата, Вашынгтон працягвае вывучаць сітуацыю, якая склалася з амерыканскімі дыпламатамі ў Беларусі.
Нагадаем, што 1 траўня агенцтва Associated Press паведаміла, што Дзярждэпартамент ЗША запатрабаваў ад Беларусі закрыць сваю амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку. Па інфармацыі агенцтва, Дэярждэп таксама закрывае сваю амбасаду ў Менску, гэта можа адбыцца ўжо ў пятніцу, 2 траўня.
Аднак у той самы дзень увечар радыё "Свабода" са спасылкай на Associated Press паведаміла, што ЗША раптам адмовіліся ад рашэння закрыць амерыканскую амбасаду ў Менску. Замест гэтага, як сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента Том Кейсі, беларускіх дыпламатаў папярэдзілі, што такія крокі магчымыя.
"Мы ім сказалі, што збіраемся выканаць патрабаванне аб высылцы і папярэдзілі іх, што існуе пэўны дыяпазон дзеянняў, якія мы можам распачаць", -- сказаў Кейсі.
Удакладняць, якія могуць быць здзейснены захады адносна беларускіх уладаў, прадстаўнік Дзярждэпартамента не стаў.
Нагадаем, абвастрэнне беларуска-амерыканскіх адносінаў пачалося пасля змяшчэння на афіцыйным сайце Мінфіна ЗША заўваг да санкцыяў, уведзеных у лістападзе 2007 года адносна канцэрну "Белнафтахім". 7 сакавіка з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка з патрабавання беларускага боку Менск пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне пра дадатковае скарачэнне персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. 23 красавіка беларускі МЗС прапанаваў амбасадзе ЗША да 30 красавіка падаць спіс з пяці амерыканскіх дыпламатаў, якія застануцца працаваць у Беларусі.
30 красавіка часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джонатану Муру быў уручаны спіс амерыканскіх дыпламатаў, абвешчаных у Беларусі персонамі нон грата, якія мусяць пакінуць краіну на працягу 72 гадзін.
Каментуючы гэтае рашэнне афіцыйнага Менска на брыфінгу 30 красавіка, прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Шон Маккормак заявіў, што з патрабавання беларускага боку Злучаныя Штаты скароцяць колькасць дыпламатаў у сваёй амбасадзе, аднак лічаць гэтае патрабаванне "неабгрунтаваным і неапраўданым".
Па ягоных словах, ЗША не маюць намеру адмаўляцца ад сваіх прынцыпаў: "Мы жадалі б мець добрыя ўзаемадачыненні з Беларуссю, і мы працуем, спрабуючы іх палепшыць, але мы не збіраемся рабіць гэта праз ахвяраванне прынцыпамі і адмову ад таго, каб настойваць на свабодзе слова, палітычных і іншых свабодах у Беларусі". "Мы разважаем, якім будзе наш адказ", - заявіў Ш.Маккормак.




