У Сербіі на парламенцкіх выбарах перамаглі праеўрапейскія сілы
1
9:07, — У свеце
У Сербіі скончылася галасаванне на датэрміновых выбарах у парламент і ідзе падлік бюлетэняў. Паводле звестак экзіт-полу, паплечнікі праеўрапейскага прэзідэнта Барыса Тадзіча набіраюць 38% галасоў.
Прыхільнікі Радыкальнай партыі набіраюць прыкладна 29% галасоў выбарцаў. Калі звесткі апытанняў пацвердзяцца, праеўрапейскія сілы будуць вымушаны ствараць кааліцыю.
Дэмакратычная партыя Сербіі набірае 11%, Сацыялістычная партыя Сербіі - 8%. Усяго ў галасаванні, па звестках няўрадавых арганізацый, паўдзельнічала каля 60% з сямі мільёнаў жыхароў Сербіі з правам голасу, паведамляе "Тэлеграф".
Прыхільнікі прэзідэнта Сербіі ў Бялградзе ўжо святкуюць перамогу - па горадзе раз'язджаюць машыны з еўрапейскай сімволікай, мноства людзей выйшла на вуліцы. Барыс Тадзіч заявіў, што Сербія зрабіла свой выбар на збліжэнне з Еўропай, пры гэтым ён паабяцаў, што новы ўрад не прызнае незалежнасці Косава.
Гэтыя выбары назіральнікі называюць найбольш значнымі з моманту падзення рэжыму Слабадана Мілошавіча ў 2000 годзе. Браць удзел у галасаванні могуць і косаўскія сербы, нягледзячы на тое, што ўрад Косава і прадстаўнікі ААН у краіне лічаць, што для гэтага няма законных падставаў.




