Новы скандал з МТС
52
10:20, — Сувязь
Яшчэ ня сьціхлі жарсьці вакол апэратару мабільнай сувязі МТС зьвязаныя з так званымі яйкаквадратамі паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца, як на даляглядзе ўжо зьяўляецца новы скандал.
У пачатку карсавіка беларускія блёгеры распачалі кампанію за беларусізацыю галасавой інфармацыйнай службы мабільнага апэратару. Як сьцьвярджаецца ў распаўсюджаным у блягасфэры звароце "беларуская мова ёсьць знакам элітарнасьці, буйнейшыя кампаніі сьвету пры прасоўваньні сваіх прадуктаў на беларускім рынку абіраюць беларускую, сацыялягічныя апытаньні і апытаньні на старонках буйнейшых інтэрнэт-сайтаў сьведчаць на карысьць беларускай мовы, да таго ж некаторыя мабільныя апэратары сотавай сувязі ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюць у сваёй працы з кліентамі беларускую мову." Між іншым, адзіным апэратарам мабільнай сувязі які выкарыстоўвае беларускую мову ў стасунках з клінетамі зьяўляецца БеСТ.
На заклік адклікнуліся многія беларусы, якія сталі дасылаць свае лісты ў офіс кампаніі з просьбаю "зрабіць узаемавыгадны крок насустрач". Тым ня менш у адказ блёгеры пачалі атрымліваць стандартныя адпіскі са спасылкаю на Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 26 студзеня 1990 г., згодна якому арганізацыі сфэры абслугоўваньня самастойна вызначаюць на якой з дзьвух дзяржаўных моў яны аказваюць паслугі.
Адзін з ініцыятараў кампаніі, блёгер з Салігорску, так пракамэнтаваў гэтыя адказы сайту Saligorsk.org:
- Ведаеце, МТС спасылаецца на артыкул 13 Закону "Аб мовах" 90-га году, але ж да яго існуе дадатак ад 98-га году паводле артыкула 6 якога стварэньне абмежаваньняў у карыстаньні беларускай мовай ёсьць супрацьзаконным. Да таго ж увогуле ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага Суда ад 2003 году, паводле якога прызнаецца, што дзеючае заканадаўства не адпавядае Канстытуцыі. Але ж я б хацеў казаць не пра заканадаўства, а пра практыку. Кіраўніцтва кампаніі мусіць усьведамляць, што сярод карыстальнікаў яе паслуг вялікая частка тых людзей якія б жадалі атрымліваць паслугі на сваёй роднай мове, а не на замежнай хай і таксама дзяржаўнай. Гэта звычайная павага да кліента, ня кажучы ўжо пра павагу да грамадзян краіны. Чамусьці мабільны апэратар БеСТ гэта разумее.
Ініцыятары не зьбіраюцца спыняцца і ўжо ў бліжэйшы час плянуюць працягнуць барацьбу. Сярод магчымых сродкаў узьдзеяньня гучаць як цалкам ляяльныя, збор подпісаў і звароты ў дзяржаўныя ўстановы, так больш радыкальныя, судовыя цяжбы і нават вулічныя пратэсты і акцыі. Кампанія абяцае быць доўгатэрміновай.
Напісаць каментар (52)
Навіны
па тэме




