banner1 banner1 banner1

12.05.2008

Цырк імя Лукашэнкі важная навіна 10

11:30, Ілья Мільштэйн, «Европа-Экспресс» (Нямеччына) — Палітыка

Аляксандр Лукашэнка нібыта зноў сябруе з Расеяй. Учорашнія сваркі забытыя, бо ён зноў варагуе з Захадам.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым пасланнем "парламенту" і народу можна назваць гістарычным. У тых шчыльных рамках сучаснай гісторыі, што звязана з ім. Навіна палягае на тым, што Аляксандр Рыгоравіч здзейсніў чарговы палітычны кульбіт. Ён ізноў павярнуўся спіной да Захаду, тварам да Расеі.

Уласна, яго цыркавая палітычная праграма вычэрпваецца гэтымі двума нумарамі. Альбо ён пагражае кулаком Крамлю, абяцаючы сысці ў Еўропу, альбо наадварот. Аднак Лукашэнка ў сваім цырку такі вынаходлівы, што сачыць за яго скачкамі – цікавы занятак для назіральнікаў. Хоць беларусаў, вядома, шкада.

Напрыклад, год з нечым таму Лукашэнку, словамі старой показкі, "рвало на Запад". Гэта значыць, неўзабаве пасля Новага года, калі ў яго з Пуціным абвастрыліся дыскусіі вакол газаправоду, кіраўнік Беларусі загаварыў пра змену вектару сваёй знешняй палітыкі. Пра сваё жаданне парваць з маскалямі-скнарамі і сысці на Захад.

Найперш, усклаўшы ўсю адказнасць за крызіс на Расею, ён сардэчна падзякаваў Еўропе і ЗША, якія "у гэтай сітуацыі павялі сябе прыстойна". Пры тлумачэнні сітуацыі крыху збянтэжаным, але звыклым да ўсяго беларусам, Лукашэнка пускаў слязу: "Яны прапанавалі нам падтрымку. Гэта мы ніколі не забудзем". Змахнуўшы слязу, ён, праўда, зноў пачынаў сварыцца: "Мы гатовы супрацоўнічаць хоць з чортам, хоць з д'яблам, каб забяспечыць энергетычную бяспеку". Аднак, пад сканчэнне тэмы, зноў дзяліўся з суграмадзянамі вялікай дыпламатычнай радасцю: Еўропа з ім, з Лукашэнкам.

Насамрэч Еўропа ніякай падтрымкі яму не прапаноўвала. Там, даўно махнуўшы рукой на Лукашэнку разам з яго неразлучным ворагам Пуціным, з трывогай чакалі развязкі паліўнага крызісу. Наадварот, у Амерыцы, не падлучанай наўпрост да трубаправоду "Дружба", скандал адкаментавалі вельмі жорстка. Кшталту, увесь гэты крызіс, як выказаўся прадстаўнік Белага дому, ізноў выявіў "гнілую сутнасць рэжыму Лукашэнкі".

Аднак ён не здаўся. Упарты ў сваім раптоўным лібералізме, ён нават казаў пра "адзіныя каштоўнасці". Пра жаданне беларусаў "быць стараннымі вучнямі" заходняй дэмакратыі. Разам з тым, не шкадуючы чорнай фарбы, Лукашэнка маляваў Захаду праўдзівы партрэт крамлёўскага суседа – згубцу саюза двух братэрскіх народаў і прыгнятальніка беларускай волі. Часам нават незразумела было, хто гэта ўсё кажа - апошні еўрапейскі дыктатар ці заходні дэмакрат, шчыра заклапочаны тым, што "Расея гуляе сваімі... энергетычнымі мускуламі і лічыць, што зноў можа заваяваць увесь свет".

У запале ён нават ставіў такое непаліткарэктнае пытанне: маўляў, "як бы паводзілася Расея, калі б" у Менску "былі амерыканскія, нямецкія інвестары"? І падмацоўваў тыраду нечаканай высновай, смачна плюючы проці ветру: "Бо Расея на задніх лапках дрыжыць перад амерыканцамі і іншымі". Гэта была шырокая гульня - па ўсім полі з ваўчынай ухмылкай у бок Крамля. Тут нібыта выяўлялася задума: парваць з Расеяй, сысці на Захад з прыкладу Грузіі і Украіны, і хай яны там, у Маскве, локці кусаюць з гора. Хай задушацца сваім "Газпромам". Хай наракаюць толькі на сябе.

Сёння ўсё па-іншаму. Разважаючы на тэму правоў чалавека і іншых еўрапейскіх цудаў, ён кажа, што Менск у перамовах з Еўразвязам гатовы на саступкі і кампрамісы, але толькі "там, дзе гэта не датычыць фундаментальных пазіцый". Гэта значыць асабістай улады Лукашэнкі і яго разборак з апазіцыяй. А пра апазіцыю сказана з той абсалютнай шчырасцю, якая так адрознівае Лукашэнку ад еўрапейскіх лідэраў, за выключэннем хіба ўчорашняга расейскага прэзідэнта.

Пуцін, як вядома, няўхвальна выказваўся пра тых, хто "шакаліць у замежных амбасадах". Лукашэнка жорстка затаўраваў "грамадзянскую супольнасць", якая "жыве з падачак замежнага дзядзькі". У Расеі на руінах гэтай супольнасці заснаваныя Грамадская палата і іншыя "праваабарончыя арганізацыі", якія змагаюцца з педафіліяй. Лукашэнка таксама лічыць, што "грамадзянская супольнасць мусіць расці на сваёй глебе, без замежных аграномаў і ўгнаенняў". А хто жадае засмечваць родную глебу замежнымі ўгнаеннямі, таму простая дарога ў падатковую. Непасрэдна падчас выступу Лукашэнка занепакоіў гэтай праблемай свайго старшыню Дзяржкантролю.

Яшчэ шчыльней тулячыся з Расеяй, ён наўпрост паставіў за ўзор суседзяў. "Калі расейцы, - крычаў Лукашэнка, змагаючыся з рускай мовай і з Захадам, - бачаць нашыя недахопы альбо памылкі, але ніколі нас не шпіляюць, не штурхаюць рабіць тое ці гэтае, то чаму вы сабе гэта дазваляеце?!"

Аднак нагадваць Лукашэнку пра тое, як яго "шпілялі" і "штурхалі" у Маскве і што ён сам учора казаў з гэтай нагоды – не мае сэнсу. Аляксандр Рыгоравіч усё памятае і сам. Проста сёння ён ізноў расчараваўся ў Захадзе, усвядоміўшы, што яго русафобія там нікога не цікавіць, а выпусціць усіх сваіх палітвязняў і не збіваць апазіцыю Лукашэнка фізічна не ў стане.

Словы мёртвыя без справаў, і вось ужо афіцыйны Менск выпрабоўвае на разрыў амерыкана-беларускія адносіны. Атручаныя ўжо даўно, яны ў канцы красавіка амаль дасягнулі дна, калі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур быў выкліканы ў МЗС і атрымаў спіс супрацоўнікаў амбасады, абвешчаных персонамі нон грата. А у мінулы чацвер з'явіліся паведамленні, што Дзярждэпартамент ЗША запатрабаваў ад Беларусі зачыніць сваю амбасаду ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку. Праўда, крыху пазней гэты амаль ваенны сцэнар быў адкінуты, але Белы дом папярэдзіў: разрыў не выключаны, калі Лукашэнка не спыніцца.

Але яго гэтым не спалохаеш. Хоць ён ведае толькі два нумары з цыркавой палітычнай праграмы, затое - назубок. І калі спатрэбіцца, калі звярыная інтуіцыя падкажа яму, што надышоў час, - ён ізноў смяротна пасварыцца з РФ, ізноў зганьбіць Крэмль і ўсёй душой пацягнецца да цывілізацыі.

Але не сёння. У гэтыя дні разам з усім здзіўленым чалавецтвам ён пільна сочыць за падзеямі ў Расеі. Разам з расейскімі і заходнімі элітамі ён спрабуе зразумець, што азначае новае крамлёўскае двоеўладдзе, і на ўсялякі выпадак робіць рэверансы ў бок Масквы. Ён чакае, аднолькава гатовы да сяброўства і варожасці.

Насамрэч яму ніхто не патрэбны - толькі ўлада і грошы, каб згаладнелы народ яго не скінуў. Але і ён нікому не патрэбны, куды б ні рваўся. Чым, уласна, і вычэрпваецца показка пра Лукашэнку – вернага сябра РФ, патрыёта і антызаходніка. Назіраць усё гэта з боку хоць і пацешна, але ўсё ж цяжка. Бо показка старая, сумная і зацягнутая - як зашмарга на шыі ў беларусаў.

Напісаць каментар (10)

ElectroName.com - новости белорусского интернета

пн аў ср чц пт сб нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31

Старая версія сайта

Байкот-2008

Ці варта браць удзел у выбарчым фарсе?

Уладзімір Халіп

Спецыяльна для Хартыі'97: І ўсё ж ён быў цёмны, той правінцыйны маньяк...

Андрэй Кім, палітвязень

Затрыманы на акцыі прадпрымальнікаў

Аляксандр Казулін, палітвязень

Кінуты за краты за акцыі пратэсту

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч

Лідэр прадпрымальнікаў арыштаваны пасля акцыі пратэста

Іншыя падборкі

Папулярныя навіны

Лукашэнка: «Разлічвайце на горшае. Я пайду на чацвёрты тэрмін» (7458)

14.05, 8:29, — Палітыка

На мяжы Беларусі ўзводзіцца «жалезная заслона» (6872)

13.05, 9:03, — Грамадства

У дэкларацыі аб прыбытках кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі за 2005 год сына Мікалая няма (6660)

12.05, 13:17, — Палітыка

Виктор Шендерович: «Путина еще не знал никто, а Лукашенко уже с Америкой боролся, врачи удивлялись» (5949)

11.05, 16:09, Виктор Шендерович, «Эхо Москвы» — Палітыка

Дзяржаўныя СМІ афіцыйна абвясцілі аб малодшым сыне Лукашэнкі (Відэа) (5918)

12.05, 9:51, — Палітыка

Аляксандр Казулін: «Замест безумоўнага вызвалення, мне былі прапанаваны таемныя ўцёкі з краіны» (4844)

15.05, 10:30, — Палітыка

Таемны сын (4613)

14.05, 9:53, — Палітыка

Андрэй Саннікаў: «Падобна, Лукашэнка не спадзяецца дацягнуць да канца года» (4576)

16.05, 12:32, — Палітыка

Цырк імя Лукашэнкі (4422)

12.05, 11:30, Ілья Мільштэйн, «Европа-Экспресс» (Нямеччына) — Палітыка

Сотрудники ГАИ заковали водителя в наручники и избили до сотрясения мозга (4210)

14.05, 11:07, — Аўто

Подписка на рассылку