Пракуратура дапытала каардынатара «Белсату» ў Беларусі
1
17:17, — Палітыка
Сёння ў пракуратуру Мінска быў выкліканы на допыт у якасці сведкі каардынатар тэлеканала «Белсат» у Беларусі, сябра Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў.
Допыт тычыўся той жа «справы аб мультфільмах», на падставе якой 27 і 28 сакавіка ў кватэрах журналістаў — у тым ліку і Эдуарда Мельнікава — супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы.
У позве, якую днямі атрымаў Мельнікаў, нічога не гаварылася пра прычыну выкліку ў пракуратуру. Калі журналіст патэлефанаваў следчаму і пацікавіўся нагодай для іх сустрэчы, той здзівіўся: «А вы яшчэ не ведаеце?»
13 траўня Мельнікаў наведаў пракуратуру разам з грамадскім прадстаўніком — юрыстам БАЖ Андрэем Бастунцом. Допыт, які вёў следчы па асабліва важных справах Віктар Шабан, доўжыўся каля 40 хвілін.
«Мяне запыталі пра маю прыналежнасць да “Белсату“. Я сказаў, што займаюся рэгістрацыяй прадстаўніцтва гэтага тэлеканалу ў Беларусі і раблю гэта тут абсалютна афіцыйна. Да мультфільмаў я дачынення не маю, пра што і паведаміў следчаму», — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ Эдуард Мельнікаў.
Раней органы пракуратуры і КДБ ужо дапыталі шэраг журналістаў, што трапілі пад ператрусы 27–28 сакавіка. Усіх іх дапытвалі ў якасці сведак па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзідэнта (ч.1 арт. 367 КК РБ) у дачыненні да А. Мініча, П. Марозава і А. Абозава. Ва ўсіх пыталіся пра палітычныя мультфільмы «Трэцяга шляху» і пра дзейнасць тэлеканала «Белсат».
У жніўні 2005 г. пракуратура г. Мінска завяла крымінальную справу па факце распаўсюду ў інтэрнэце мультфільмаў, якія «зневажаюць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі» (арт. 367 ч 1). Нагодай сталі мультфільмы сатырычнага характару. Спачатку ў межах крымінальнай справы ў якасці сведак былі дапытаныя адміністратар сайту грамадскай ініцыятывы «Трэці шлях» Андрэй Абозаў і каардынатар праекту Павел Марозаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах ператрусы, забраўшы камп’ютарную тэхніку. У хуткім часе пасля гэтага А.Абозаў, П.Марозаў і яшчэ адзін падазраваны — Алег Мініч — пакінулі межы Беларусі.
Навіны
па тэме
- Незалежныя радыёстанцыі павінныя вяшчаць на Беларусь, а не ў «космас»
- Дырэктарка тэлеканала «Белсат»: «Выконваць нармальную журналісцкую працу ў Беларусі надзвычай цяжка»
- Швецыя далучаецца да падтрымкі «Белсата»
- ОБСЕ резко критикует атаку на независимые СМИ Беларуси
- На телеканале «Белсат» связывают обыски с акцией 25 марта
- Массовые репрессии против журналистов в Беларуси
- КДБ правёў ператрус у кватэры журналіста «Белсата»




