Следам за спіртным і цыгарэтамі ў Беларусі знікнуць імпартныя сокі
19- 14.05.2008, 11:48
Зусім хутка замежныя сокі могуць быць пасунуты мясцовымі вытворцамі.
Асноўным пастаўцам сокаў у Беларусь цяпер з'яўляецца Расея. Адтуль увезена 6,409 тыс. тон на суму 6,874 млн. даляраў. З Украіны імпартавана 3,996 тыс. тон на 2,874 млн. даляраў.
"Сваю прысутнасць на беларускім рынку расейскія вытворцы сокаў з садавіны актыўна нарошчваюць дзякуючы адсутнасці сур'ёзных айчынных вытворцаў", - перказвае агенцтва ПРАЙМ-ТАСС думку эксперта рынка напояў. Нядаўняе адкрыццё ў Бабруйску прадпрыемства па вытворчасці сокаў узмоцніць канкурэнцыю і выкліча пераразмеркаванне рынку, што можа ў перспектыве прывесці да ўвядзення абмежавальных захадаў на імпарт соку, лічыць ён.
"У Беларусі склалася такая сітуацыя, што 70% сокаў імпартуецца з іншых краінаў. Мы плануем стаць вытворцам сокаў № 1 на беларускім рынку і замясціць імпарт", - распавёў аб планах на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця заводу ў Бабруйску чалец рады дырэктараў інвестыцыйнай кампаніі Detroit Investments Яўген Кашпер.
Дарэчы, адзначаюць "Беларускія навіны", пад час наведвання ў мінулую нядзелю Белавежскай пушчы, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць насельніцтва сокам уласнай вытворчасці. Для гэтага ён загадаў разгледзець пытанне закупу ў насельніцтва яблыкаў і пры патрэбе набыць лініі па вытворчасці сокаў. "Навошта нам прадаваць за бесцань гэтую прадукцыю, а пасля ўвозіць імпартны сок, калі мы можам наладзіць уласную вытворчасць", - сказаў Лукашэнка, даручыўшы Белкаапсоюзу і ўраду трымаць пад кантролем рашэнне гэтых пытанняў.
Нагадаем, што з прылаўкаў беларускіх крамаў ужо амаль зніклі імпартныя цыгарэты і алкаголь.