«Гісторыя Беларусі» знікне са школьнай праграмы ўжо з наступнага года
18- 16.05.2008, 9:56
Гэта чарговы крок пасля таго, як прадмет пачалі выкладаць па-руску. Курс "Гісторыі Беларусі" у нашых школах выкладацца больш не будзе. У праекце вучэбнага плану на наступны год напісана проста - "гісторыя". Для новага прадмета рыхтуецца і адмысловы падручнік.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла для "Еўрарадыё" намесніца начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская. Па словах чыноўніцы, цяпер працуе міжведамная камісія, якая абмяркоўвае пытанне пра аб'яднанне двух прадметаў з новага вучэбнага года:
"Адно з пытанняў - гэтае зацвярджэнне вучэбнага плану, у якім гэты прадмет будзе называцца "Гісторыя". Ну, ён будзе складацца з дзвюх частак. І выдзяляецца дзве гадзіны. Адна гадзіна на гісторыю Беларусі, другая - на сусветную гісторыю. І так, як было, так і застаецца. Проста ў вучэбным плане ён будзе звацца "Гісторыя".
Новы вучэбны план стане дадаткам да дэкрэту аб пераходзе на 11-гадовы тэрмін навучання ў школах. Пра гэта распавёў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу "палаты прадстаўнікоў" Уладзімір Здановіч. План "задавальняе ўсіх". А колькі сапраўды гадзінаў будзе адведзена на гісторыю Беларусі ў агульным курсе гісторыі, Здановіч не ведае:
"Я не ведаю, тут проста напісана "гісторыя", таму тут я не магу растлумачыць, ці тое будзе гісторыя сярэдніх стагоддзяў... і колькіх гадзінаў на гісторыю Беларусі. Проста напісана слова "гісторыя". У прынцыпе, калі мы ўчора абмяркоўвалі план, то ён задаволіў усіх".
Змены закрануць нават старэйшыя класы, якія ў сувязі з пераходам на 11-годку будуць сканчаць школу ў "экстрэмальных умовах".
"Нават у пераходным тыповым вучэбным плане для тых 9-10 класаў, якія знаходзяцца цяпер у школе, і якія будуць у такім экстрэмальным рэжыме сканчаць школу, нават у іх напісана: гісторыя 2 гадзіны".
Настаўніца гісторыі менскай Гімназіі №12 Вольга Шаўцова пра планаваныя змены ведае. Кажа, нібыты нават існуе спецыяльны падручнік для новага прадмета. Праўда, рыхтаваўся ён пад 12-годку:
"Я пра гэта чула, я ведаю, што ёсць падручнікі, іх ужо падрыхтавалі. І там гісторыя ідзе як інтэграцыйны курс. Гэта значыць, у адным падручніку паслядоўна будзе выкладацца гісторыя сусветная.... ну, і гісторыя Беларусі, калі гэтыя працэсы ахапляюць нашу тэрыторыю. Падручнік будзе адзін, але ён быў падрыхтаваны для 12-гадовай школы. Што будзе зараз з пачатку верасня, я не ведаю".
Вольга Шаўцова распавядае, што з настаўнікамі гісторыі наконт аб'яднання двух прадметаў ніхто не раіўся. Але, магчыма, гэта і добрая ідэя, калі б толькі здзяйснялася крыху інакш - настаўнікі былі супраць выкладання гісторыі роднай краіны па-руску:
"У нас не пыталі пра тое, ці трэба аб'ядноўваць гэтыя курсы. Тым не менш шмат хто быў згодны, але не ў такім ракурсе. Мы, напрыклад, былі супраць таго, каб гісторыя Беларусі выкладалася на рускай мове. Настаўнікі гісторыі ўсё ж выступаюць за тое, каб гісторыя Беларусі выкладалася на роднай мове".
Не зразумела, чаму і каму ўсё ж спатрэбілася аб'ядноўваць "Сусветную гісторыю" з "Гісторыяй Беларусі". Настаўнікі і надалей маглі выкладаць гісторыю нашай краіны "комплексна". Як гэта рабіла Вольга Шаўцова. Без агульнага падручніка:
"Наогул гэта такі культурна-цывілізацыйны падыход. З такога гледзішча гэта абсалютна слушна. Я, напрыклад, у любым выпадку працую сінхронна, хоць і не па інтэграцыйным падручніку. Я даю курс "сусветнай" і пасля разглядаю, якія працэсы адбываліся ў Беларусі, і як гісторыя сусветная паўплывала на гэтыя працэсы ў нашай краіне".
Вядомы пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў называе такі крок спробай ператварыць нашу гісторыю з тысячагадовай у вельмі кароткую. Не выключае ён і таго, што чыноўнікі пойдуць на скарачэнне гадзінаў, адведзеных на гісторыю Беларусі:
"Гістарычная памяць - гэта вялікая стваральная сіла, і гэта выдатна разумее любая ўлада. Ну, а наша ўлада гэтай сілы папросту баіцца. Мы ўжо не першы год назіраем спробы ператварыць нашу гісторыю з тысячагадовай у гісторыю вельмі кароткую, якая пачынаецца, можа, толькі ў 20-м стагоддзі. Гэта чарговы крок. Мы з'яўляемся сведкамі рэдагавання гісторыі, якую падпарадкоўваюць ідэалагічным нормам. Не выключана, што будуць скарачаць гадзіны..."
Адзначу, што аб'яднанне гісторыі Беларусі з сусветнай гісторыяй - з'ява не новая. Гэты крок вяртае нас у савецкія часы, калі існаваў толькі адзін прадмет "Гісторыя", і выкладаўся па-руску.