9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Пяткевіч: «Пры жаданні і павелічэнне ўрокаў ангельскай можна расцаніць як намер рыхтаваць працоўную сілу за мяжу»

28

Асноўныя параметры будучай школы - агульная працягласць навучання 11 гадоў, пачатак навучання з 6 гадоў, адзіная, без падзелу на профілі праграма для агульнаадукацыйных школ занесены ў праект дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, які, мяркуецца, будзе падпісаны ў канцы траўня.

Пра тое, якой будзе новая школа, "Народная газета" піша са словаў удзельнікаў камісіі на чале з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Анатолем Рубінавым.

Дзесяцібальная сістэма адзнак і цэнтралізаваныя іспыты для абітурыентаў аказаліся самымі бясспрэчнымі з інавацыяў апошніх гадоў.

- Мы лічым, што абедзве сістэмы адзнак эфектыўныя. Паколькі вучні, настаўнікі і бацькі прызвычаіліся да дзесяцібальнай, прапануем пакінуць яе нязменнай, - выказаў агульнае гледзішча Анатоль Рубінаў.

Лёс цэнтралізаванага тэставання вырашалі вну: кожная з іх адказала на пытанне, як паўплывалі цэнтралізаваныя іспыты на ўзровень абітурыентаў. Універсітэты і акадэміі сышліся ў думцы, што якасць першакурснікаў хутчэй палепшылася, чым пагоршылася. А адбор стаў больш празрыстым, спакойным і справядлівым.

Гэтак жа добразычліва, як цэнтралізаванае тэставанне, грамадская думка ўспрыняла хіба што пяцідзённы вучэбны тыдзень.

Сваім шляхам, але па адзіным раскладзе

З пяцідзёнкай, праўда, атрымалася не ўсё так празрыста, як з тэставаннем.

Рэч у тым, што акрамя ліцэяў і гімназіяў, якім дазволена даваць большую, чым у агульнаадукацыйных школах, нагрузку, у краіне з'явіліся школы з профільнымі, ліцэйнымі, гімназічнымі класамі. Супярэчнасць паміж медыцынскімі нормамі і жаданнем настаўнікаў даць сваім школьнікам як мага болей прывяла да перагрузкі навучэнцаў і вымусіла педагогаў шукаць хітрыкі, каб нарасціць колькасць урокаў.

- Здаралася і такое: прыязджае камісія Міністэрства адукацыі ў школу - бачыць на сцяне расклад урокаў на пяцідзённы вучэбны тыдзень. З'язджае - дырэктар, з палёгкай уздыхнуўшы, вяртае на ранейшае месца графік шасцідзёнкі, - сказаў Анатоль Рубінаў. - Губляць разнастайнасць школы нельга, але дамагацца яе коштам перагрузак вучняў таксама нельга. Таму мы і прапануем аднолькавую праграму на пяць вучэбных дзён для ўсіх школ. А вывучаць прадмет паглыблена можна факультатыўна, на добраахвотнай аснове. Хай яго вядуць тыя ж настаўніка па тых самых кнігах, якімі яны карысталіся ў профільным класе. У такім разе магчымасці, якія давала школа, застануцца ранейшымі, але кожны вырашыць сам, карыстацца імі ці не.

Праведзеныя на факультатывах і гуртках гадзіны ў медыцынскіх нормах не ўлічваюцца. Вырашаць, чаму прысвячаць асабісты час, - права кожнага падлетка і яго сям'і. Абмежаванні недарэчныя: калі чалавек жадае займацца, напрыклад, інфарматыкай, ён знойдзе патрэбны яму факультатыў і ў раённым палацы моладзі.

Гурткі і факультатывы будуць працаваць у другой палове дня, а для старшакласнікаў - яшчэ і па суботах. Для школьнікаў яны будуць бясплатнымі. А вось настаўнікам гэтыя гадзіны будуць аплачвацца гэтак сама, як асноўныя. Распрацаваны Міністэрствам адукацыі тыповы вучэбны план паказвае, што абавязковая нагрузка нават самому прыдзірліваму гігіеністу не падасца залімітавай.

Мяркуецца, што вучні 1-2-х класаў будуць займацца 3-4 урокі ў дзень, вучні 3-7-х - 4-5 урокаў, а падлеткі, ад 8-го класа - не больш за 5-6 урокаў. Абавязковы вучэбны тыдзень у 1-2-м класе можа складацца з 18 урокаў, у 10-11-м - з 27. Але вучэбны год для ўсіх, акрамя вучняў пачатковай школы, расцягнецца па 20 чэрвеня.

Праўда, тыповы план на пяцідзённы вучэбны тыдзень не ўлічвае асаблівасцяў псіхалогіі беларускіх бацькоў і настаўнікаў. Бо многія педагогі - таемныя "прадметныя шавіністы", якія лічаць, што іх урокі, факультатывы і хатнія заданні найважнейшыя. А большасць бацькоў не ўяўляюць будучыні сваіх дзяцей без вышэйшай адукацыі, таму заахвочваюць іх да выкарыстання ўсіх навучальных магчымасцяў.

Таму на пытанне, якой насамрэч будзе "добраахвотна-змушаная" нагрузка вучняў, сёння не адкажа ніводны спецыяліст.

Крочыць адразу ці не спяшацца?

Ці трэба вяртацца да 11-годкі так імкліва? Бо мяркуецца, што жыць па-новаму школа пачне ўжо з верасня.

Найбольш уразлівымі робяцца вучні, якія займаюцца ў 10-м класе па праграме 12-годкі. Ім давядзецца скончыць школу за год і вытрымаць самую шматлікую за пяць гадоў абітурыенцкую кампанію.

- Каб прыняць узважанае рашэнне, неабходны час, - лічыць старшыня Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч. - Трэба даць магчымасць старшакласнікам скончыць вучобу па праграме 12-гадовай школы.

- На 12-гадовым тэрміне навучання не настойваюць нават педагогі-практыкі, - не пагадзіўся Анатоль Рубінаў.

Мяркуючы па пошце Міністэрства адукацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта і вядучых газет, педагогі занепакоены пераглядам школьнай праграмы. Адзін з апошніх распрацаваных Міністэрствам адукацыі варыянтаў прадугледжвае скарачэнне колькасці ўрокаў гісторыі, спеваў, знікненне прадмета "Айчынная і сусветная мастацкая культура", але павелічэнне колькасці гадзін на замежную мову, фізіку, матэматыку, хімію, вяртанне ў школы краслення і грамадазнаўства. Пошта прыносіць шмат эмоцыяў: адзін з аўтараў, напрыклад, у скарачэнні ўрокаў гісторыі ўбачыў спробу "ідэалагічнай дыверсіі".

- Пры жаданні і павелічэнне колькасці ўрокаў ангельскай можна расцаніць як намер рыхтаваць працоўную сілу за мяжу, - заўважыла намесніца кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч.

Адзіны тыповы вучэбны план прадугледжвае адзіныя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі.

Цяжкае пытанне

З прыняццем рашэння пра лёс гімназічных і ліцэйных класаў удзельнікі камісіі вырашылі не спяшацца. Статут гімназіяў і ліцэяў маюць усяго 9 адсоткаў школ, але 45 адсоткаў школ увялі гімназічныя і ліцэйныя класы. Права гімназіяў вучыць адораных дзяцей на падвышаным узроўні ніхто не аспрэчвае. Але ці трэба дзяліць вучняў адной і той жа агульнаадукацыйнай школы на "гімназістаў" і "звычайных"?

Наступнае паседжанне прызначана на сённяшні дзень.

Простая мова

Анатоль Рубінаў: Дзіцяці можна напхаць у мазгі ўсё, што заўгодна, але навошта? Хай лепш бегае, гуляе, займаецца спортам

… Гэтая сістэма аптымальная і больш дэмакратычная, таму што дае вучням больш магчымасцяў выбару і выхоўвае ў іх адказнасць за свой выбар. А па якасці адукацыі і колькасці магчымасцяў развіцця сваіх здольнасцяў ніякіх зменаў няма.

- Кожнай маці хочацца, каб яе дзіця вучыла найважнейшыя для яго прадметы на свежую галаву, а не па суботах ці пасля абеду…

- Гэта маці здаецца, што тыя прадметы найважнейшыя. Дзіцяці можна напхаць у мазгі ўсё, што заўгодна, але навошта? Навукоўцам ён ад гэтага ўсё роўна не стане, хай лепш бегае, гуляе, займаецца спортам. Прафілізацыя ў дзіцячым узросце нічога не дае. У савецкі час навукоўцамі рабіліся не выпускнікі спецшколаў з фізіка-матэматычным ухілам, а правінцыялы, жыхары аддаленых рэгіёнаў. Бо сутнасць не ў ведах, а ў фантазіі, творчым пачатку, асацыяцыйным мысленні. Гэта бацькоўская ілюзія, што можна з дзяцінства забяспечыць дзіця багажом неабходных яму ведаў. Гонка з самога ранняга ўзросту ніяк не адлюстроўваецца на ўзроўні кваліфікацыі спецыяліста. Пасля сканчэння вну ніхто не ўбачыць розніцы паміж выпускніком прэстыжнай гімназіі і малакамплектнай вясковай школы.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках