АЭС могуць пабудаваць у Магілёўскай вобласці
3- 19.05.2008, 9:21
Кукшынаўская пляцоўка (Горацкі раён, Магілёўская вобласць) можа стаць месцам размяшчэння беларускай АЭС.
Пра гэта паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БелТА старшыня прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч.
Камісія па выбары АЭС завяршыла разгляд і аналіз вынікаў гідралагічных, геалагічных, сейсмалагічных і іншых даследаванняў патэнцыйных пляцовак. Матэрыял скіраваны ў Савет Міністраў Беларусі.
Па выніках працы камісія прыйшла да высновы, што Кукшынаўская пляцоўка лепш за ўсё адпавядае патрабаванням па будаўніцтве АЭС. "На першае месца камісія паставіла Кукшынаўскую пляцоўку, на другое - Астравецкую, а на трэцяе - Краснапалянскую", - распавёў Міхаіл Мясніковіч.
Па ягоных словах, ніякіх забараняльных фактараў для будаўніцтва на Кукшынаўскай пляцоўцы беларускай АЭС не існуе. "Ёсць пэўныя абмежаванні для будаўніцтва, аднак яны вырашаюцца правядзеннем інжынерных прац", - дадаў ён.