Буйная аварыя пад Менскам, разбіліся таксі і аўтобус (Фота)
13
9:41, — Здарэнне
Раніцай 18 траўня на трасе Менск-Магілёў сутыкнуліся адразу некалькі аўтамабіляў, таксі і аўтобус. Адзін чалавек загінуў, пяцёра дастаўлены ў лякарню.
Сутыкненне адбылося а палове восьмай раніцы на 18-м кіламетры магілёўскай трасы. Аўтамабіль БМВ, рухаючыся на вялікай хуткасці ў скрайнім левым шыхту, літаральна пратараніў таксі, якое ішло наперадзе.
У выніку таксі спачатку кінула на металічную агароджу, пасля занесла на іншую паласу. Удар быў настолькі моцным, што рухавік вылецеў з машыны. Аўтамабілі, што рухаліся паралельна, сталі рэзка тармазіць. Праз ланцуговую рэакцыю сутыкнуліся яшчэ два аўтамабілі і рэйсавы аўтобус. Загінуў пасажыр таксі. Пяць чалавек, у тым ліку два дзіцяці, з рознымі траўмамі дастаўлены ў лякарні, паведамляе TUT.by.
Таксіст і кіроўца БМВ абышліся толькі лёгкімі ўдарамі, але выразна растлумачыць прычыну здарэння не змаглі. Цяпер яны праходзяць агляд на наяўнасць алкаголю ў крыві. Па словах інспектараў, прыкметы алкагольнай сп’янеласці ў кіроўцы БМВ бачныя візуальна. Пры гэтым у аўтамабілі знаходзілася яго дачка.
Як паведамілі ў ДАІ, гэтага чалавека неаднаразова штрафавалі за парушэнне хуткаснага рэжыму і за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. На момант ДТЗ у яго мелася дзейнае адміністрацыйнае спагнанне. У выніку сутыкнення рух на трасе Менск-Магілёў быў спаралізаваны на некалькі гадзін, утварыўся шматкіламетровы корак.



Фота Яўген Смурага, TUT.by
Напісаць каментар (13)





