9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вацлаў Арэшка: «Цяжка чакаць, што мы будзем пераможцамі ў гэтым «парламенце» і зможам правесці радыкальныя рэформы»

12
Вацлаў Арэшка: «Цяжка чакаць, што мы будзем пераможцамі ў гэтым «парламенце» і зможам правесці радыкальныя рэформы»

Лідэры апазіцыйных палітычных партыяў прадставілі сёння ў Менску на прэс-канферэнцыі тэкст паслання сваіх кандыдатаў на парламенцкіх «выбарах». Сутнасць паслання– неабходнасць стварэння «народнага кантролю над уладамі».

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, сябра Сойму Партыі БНФ Вацлаў Арэшка, адзін з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандр Бухвостаў, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін.

Аб сутнасці паслання апазіцыйных партыяў падрабязна на прэс-канферэнцыі распавёў сябра Сойму Партыі БНФ Вацлаў Арэшка.

«Раней на выбарах дэмакратычныя сілы, калі звярталіся з пасланнем да народа, сыходзілі з няяўнай, але зразумелай для іх сітуацыі, што, маўляў, мы ідзем на выбары, мы ідзем нібыта да перамогі, таму абяцаем змяніць тое, змяніць гэтае, перамяніць уладу і ўсё астатняе. У выніку, калі атрымоўвалася, што выбары праходзяць як заўсёды, сітуацыя ўспрымалася як параза. Гэта значыць, што мы абяцалі пяць крокаў да лепшага жыцця, а выконваў іх Лукашэнка ў пэўнай ступені. У гэты раз мы вырашылі пайсці ад той рэальнай сітуацыі, якая складаецца з выбарамі. Мы ўсе ведаем, што цяжка чакаць, што яны будуць нават мінімальна дэмакратычнымі. Таксама цяжка чакаць, што пры самых лепшых умовах, калі ў парламент змогуць прайсці некалькі кандыдатаў, мы будзем пераможцамі ў гэтым парламенце і зможам правесці нейкія радыкальныя рэформы. Таму трэба было знайсці тое, што рэальна могуць паабяцаць дэмакратычныя сілы сваім выбаршчыкам. Такое абяцанне – зрабіць як мага больш рэальным кантроль грамадства над дзеяннямі ўладаў. Сёння сітуацыя складаецца так, што любыя дзеянні ўладаў абсалютна не ўзгодненыя з меркаваннем людзей. Мы ведаем, што дзеянні ўладаў выклікаюць адмоўны рэзананс: адмена сацыяльных гарантыяў, кантрактная сістэма, школьная рэформа. У людзей пра гэта не пытаюцца. Вось гэта і ёсць асноўная думка, якая даводзіцца ў пасланні. Дыялог з уладамі (які ёсць у нас у стратэгіі, ад якога мы не адмаўляемся) не можа быць аднабаковым. Дыялог павінен быць з актыўным удзелам дэмакратычных сіл, а для гэтага ўлады павінныя адчуваць нашую прысутнасць, нашую сілу і наш ціск. Такім чынам, тэма кантролю над уладаю – гэта частка кампаніі грамадскага ціску, якую дэмакратычныя сілы будуць выконваць у бліжэйшыя месяцы і год-два да прэзідэнцкіх выбараў», -- паведаміў палітык.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін удакладніў, што апазіцыя можа зрабіць, калі пройдзе ў парламент:

«Мы разумеем, што нават калі мы заваюем абсалютную большасць у парламенце, калі нават выбары будуць абсалютна празрыстымі (для чаго ёсць сумневы, нашае жыццё паказвае, што наўрад ці пакуль да гэтага ідзе), мы не можам нічога змяніць, таму што застаецца прэзідэнт, які сёння дамінуе над усёй сістэмай улады ў Рэспубліцы Беларусь. Але наш прыход у "парламент" дазволіць паказаць, што апазіцыя можа зрабіць, калі прыйдзе да ўлады. Гэта кантроль над дзейнасцю ўладаў. Бо нашая ўлада часам прымае добрыя рашэнні, а потым скажае іх выкананне, робячы абсалютна наадварот. Вось парламентарыі і будуць паказваць, куды сыходзяць народныя сродкі, паказваць, калі ўлада прымае рашэнні насуперак дзейснай Канстытуцыі. Таму галоўная думка -- гэта кантроль над уладай. Мы хочам, каб была ўлада для народа, а не народ для ўлады», -- заявіў старшыня Партыі камуністаў Беларускай.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што сёння важна ўпэўніць людзей, што яны павінныя кантраляваць ўлады.

«Наш месэдж звернуты да людзей. Пакуль грамадзяне Рэспублікі Беларусь не ўсвядомяць, што яны павінныя кантраляваць уладу, незалежна ад таго, колькі людзей з дэмакратычнымі перакананнямі пройдзе ў парламент, сітуацыя не ссунецца з месца. У нас улада спекулюе на тым, што яна народная, што яна ўсё робіць выключна ў імя і для народа, і нам трэба паказаць, што на самай справе для ўлады грамадзяне Рэспублікі Беларусь - гэта быдла, гэта людзі, якія знаходзяцца на перыферыі прыняцця ўсіх рашэнняў. І мы жадаем данесці да людзей, што яны павінныя кантраляваць гэтую ўладу, што ўлада павінна ад іх залежыць.

І калі чалавек зразумее, то тады на Кастрычніцкай плошчы будуць дзясяткі тысячаў людзей. І вось тады, колькі б дэмакратаў не прайшлі ў парламент, яны змогуць абапірацца на грамадскую думку. Вось гэта самае галоўнае. Што датычна тых нашых кандыдатаў, што могуць прайсці у парламент, то нам вельмі важна, каб яны дайшлі туды з пакетам пэўных ініцыятваў, якія ўсталёўваюць кантроль. Пачынаючы з самага апошняга -- продажу зброі. Калі б былі некалькі дэпутатаў у парламенце, яны маглі бы выступіць з заканадаўчай ініцыятывай усталяваць кантроль за продажам зброі. Каб у нас не выходзіў на трыбуну міністр фінансаў і не заяўляў, што мы прадаем зброю, а грошай у бюджэце няма. Тады дэмакратычныя сілы становяцца апорай для ажыццяўлення парламенцкага кантролю для тых, хто (калі раптам такое здарыцца) пройдзе ў парламент», -- лічыць палітык.

Па меркаванні аднаго з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандра Бухвостава, галоўнае сёння для апазіцыі – «выйсці з ізаляцыі».

«Я думаю, што з'яўленне ў парламенце людзей з актыўнай дэмакратычнай пазіцыяй дасць магчымасць пашырыць уплыў дэмакратычных сіл. Бо, што робіць цяпер улада? Яна заганяе апазіцыю ў памежную прастору. Яна ізалюе яе ад грамадства. Вось гэты ізаляцыянізм трэба пераадолець. І з'яўленне людзей, якія будуць мець мужнасць выступаць са сваёй пазіцыі, якія будзе падтрымлівацца дэмакратычнай грамадскасцю, і якія павінныя будуць заваяваць грамадскую думку, я думаю дасць новы імпульс нашай барацьбе. Таму, што руйнаваць сістэму, не знаходзячыся ў сістэме вельмі складана. І знаходзячыся толькі ў сістэме можна наносіць ёй тыя страты, які неабходныя, каб далей ішоў прагрэс і развіццё дэмакратычнага грамадства. Мы павінныя прарваць гэты пралом. Тое, што Лукашэнка кажа, што прапусціць некалькі апазіцыянераў у парламент, ужо кажа аб нейкім пошуку кантактаў, неабходных яму для таго, каб далей умацоўваць свае пазіцыі. Вельмі важна, адзін-два-тры праходжанні дэпутатаў ад апазіцыі ў парламент. Я лічу, што гэта будзе той пачатак, які можа і далей прывесці да жаданага выніку», -- сказаў Бухвостаў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка ўпэўнены, што апазіцыю ў «парламент» улады ўсё ж такі не пусцяць.

«Я не думаю, што хтосьці кагосьці кудысьці ўпусціць, колькі б аб гэтым не прасіў той ці іншы амбасадар. Ніхто нікога нікуды не пусціць. У лепшым выпадку прызначаць чарговага Гайдукевіча. Але трэба зрабіць усё, каб прарваць гэтую блакаду. І сэнс у тым, каб людзі, якія наіўна думаюць, што ў нас ёсць выбары, пачулі з нашых вуснаў альтэрнатыву. Каб яны з нашых бы вуснаў пачулі, што такое псеўдавыбары ў краіне. І яшчэ адзін момант. Мы будзем ігнараваць антыдэмакратычныя, штучна ўведзеныя ўладамі бар'еры вакол выбарчай кампаніі, усе гэтыя абмежаванні, усё гэтыя псеўдаправілы. Мы будзем іх ігнараваць. Мы будзем несці праўду людзям, не звяртаючы ўвагі ні на што. Не баючыся ніякага зняцця. Іншая справа, што мы не можам, не маем права байкатаваць выбары і пакідаць адзін на адзін з гэтым рэжымам і ягонай прапагандай нашых выбаршчыкаў, наш народ», -- сказаў Вінцук Вячорка.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаўся таксама на тэму магчымага байкоту парламенцкіх выбараў:

«Удзел або няўдзел у выбарчай кампаніі не залежаць адзін ад іншага. У 2000 годзе пераважная большасць суб'ектаў дэмакратычных сіл выступалі за байкот кампаніі. І тады меў месца вызначаны рацыяналізм, таму што да 2000 года легітымным лічыўся Вярхоўны Савет 13 склікання, які прызнаваўся на міжнароднай арэне. Трэба было пабароцца за захаванне нейкіх дэмакратычных працэдураў. Але ад гэтага няшмат што змянілася. Тых, хто прайшоў у "палату прадстаўнікоў", прызнала Парламенцкая асамблея АБСЕ. Яны прызналі іх, нягледзячы на тое, што мы байкатавалі гэты працэс. Зноў жа апошняя выбарчая кампанія 2004 года. ПАСЕ да сённяшняга часу не прызнае гэтыя выбары. Гэта значыць няма прамой сувязі.

Мяне наогул не цікавіць, колькі пройдзе кандыдатаў - адзін, два, тры альбо чатыры. Месэдж самы галоўны - праца з людзьмі. Гэтага не можа замяніць ніякая працэдура байкоту. Я, як адзін з арганізатараў байкоту ў 2000 годзе, ведаю, што гэта азначае на практыцы. На практыцы гэта азначае, што два-тры адсоткі актыўных людзей нешта робяць, а астатнія лічаць, што байкатуюць. Вось ляжаць на канапе і ігнаруюць тое, што адбываецца. Так было, так яно і будзе. Няма матывацыі ў людзей. Акрамя таго, праз байкот нельга мабілізаваць людзей з выхадам на вуліцу. І да чаму гэта прывядзе? Гэта прывядзе да правядзення такіх інфармацыйных піяр-кампаніяў: вышлі на вуліцу з расцяжкай "Мы - за байкот", нас забралі, далі па 15 сутак, мы можам прыехаць за мяжу як героі, таму што мы адсядзелі ў турме. А з людзьмі ў паўсядзённым жыцці будзе працаваць у лепшым выпадку Гайдукевіч ад "апазіцыі" і Вольга Абрамава ад "апазіцыі".

Нам трэба дайсці да людзей. Вось, калі людзі зразумеюць, што на самой справе няма ніякага кантролю над уладамі, гэта будзе самы галоўны вынік. Я абсалютна перакананы, што нам ужо трэба думаць пра 2011 год. І гэта трэба рабіць праз актыўную кампанію працы з людзьмі».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках