Бус - пад арыштам, прадпрымальнік - у шоку...
9- 2.05.2008, 11:17
У красавіцкую суботу, калі ўся краіна адзначала Дзень касманаўтыкі, сям'я індывідуальнага прадпрымальніка Любові Аляксандраўны Разановіч перажыла сапраўдную драму. Хоць нішто спачатку не казала пра непрыемнасці...
Як піша газета "Брестский курьер", з раніцы 12 красавіка Любоў Разановіч разам са старэйшым сынам (дарэчы, інвалідам дзяцінства) па сваіх справах вырушыла ў горад. І раптам пад поўдзень на яе мабільным высветліўся нумар хатняга тэлефона. Сэрца адчула нядобрае. Дрыготкім голасам малодшы сын Павел папрасіў: "Мама, хутчэй прыязджай – дома міліцыя". Тут жа ў слухаўцы пачуўся незнаёмы мужчынскі голас (як выявілася пазней, маёра міліцыі Латышава: "Неадкладна прыязджайце, у іншым выпадку на вас будзе заведзена крымінальная справа". Любові Аляксандраўне адразу ж зрабілася блага, рэзка падскочыў ціск. Сын, што міжволі пачуў гутарку, забіўся ў гістэрыцы.
Дома Любоў Аляксандраўна сустрэла прадпрымальніцу з Менска, якой яшчэ ў лютым па генеральнай даверанасці прадала свой мікрааўтобус, і афіцэра міліцыі з зоркамі маёра на пагонах, які працягнуў гаспадыні дакумент аб арышце яе асабістага транспартнага сродку.
Аднак тут патрэбна заўвага. Любоў Аляксандраўна Разановіч - вядомы ў Берасці індывідуальны прадпрымальнік, што займаецца маршрутным бізнэсам. У 2003 годзе яна пасля доўгіх ваганняў наважылася адкрыць уласную справу і набыла два вельмі прыстойных імпартных мікрааўтобусы, якія выкарыстала пасля ў якасці маршрутных таксі. Сама Любоў Аляксандраўна - інвалід, перанесла некалькі найскладаных аперацый. Праўда, пенсіі для адкрыцця ўласнай справы відавочна не хапала. Нечым дапамагла маці - сялянка са Столінскага раёна, але ўсё ж давялося залазіць ў пазыкі, якія доўгі час віселі над сям'ёй дамоклавым мечам. Тым не менш рызыка цалкам апраўдаўся. Любоў Разановіч выйграла конкурс на адзін з перспектыўных маршрутаў - і паміж іншым унесла ў развіццё гарадской інфраструктуры больш за 5 млн. рублёў. Яна забяспечыла працай трох найманых кіроўцаў, пры гэтым плаціла ўсе неабходныя падаткі.
Але, як той казаў, нядоўга музыка грала. У красавіку 2004 года свет пабачыў Указ прэзідэнта №140, які заднім днём уводзіў велізарны, без перабольшання, рэспубліканскі збор для ІП на транспартныя сродкі, увезеныя з-за мяжы ў Беларусь і ўжываныя ў камерцыйных мэтах. Паводле гэтага дакумента, ІП Разановіч мусіла заплаціць разам з пеняй і санкцыямі амаль 80 млн. рублёў. Гэта быў удар для Любові Аляксандраўны. Паездкі ў Міністэрства па падатках і зборах РБ, звароты да дэпутатаў, старшыні Канстытуцыйнага суду, нават да прэзідэнта выніку не мелі. І Любоў Разановіч пайшла на скрайні крок - галадоўку ўлетку 2006 года - гэтую акцыю яна праводзіла 35 дзён. І вынік урэшце з'явіўся. У другім паўгоддзі 2006 года Указ №140 быў замарожаны, а з 1 студзеня 2007 года распараджэннем прэзідэнта ўвогуле адменены.
Тым не менш у красавіку 2005 года інспекцыя МПЗ па Маскоўскім раёне г.Берасця наклала арышт на транспартныя сродкі ІП Разановіч Л.А., пра што быў тады ж накіраваны адпаведны дакумент №1420 ад 18.04.2005 г. у абласную ДАІ. Але пра гэты дакумент нашыя фіскальныя органы чамусьці забыліся.
І вось праз тры гады гэтую паперу ІП Любові Аляксандраўне Разановіч працягнуў маёр міліцыі Латышаў, амаль простым тэкстам абвінаваціўшы яе ні многа ні мала - у махлярстве: маўляў, прадаваць свой бус Вы не маеце законнага права.
- Я перажыла сапраўдны шок, - распавядае Любоў Разановіч. - Такое кажа мне прадстаўнік праваахоўных органаў! Я яму ў адказ: а Вы хоць ведаеце, што Указ №140 ужо больш за год як страціў моц – гэтак сама, як і забарона падатковай.
У той жа дзень (12 красавіка) Любоў Аляксандраўна склала падрабязную скаргу, а на наступны дзень даслала з паштовым абвяшчэннем у пракуратуру Маскоўскага раёна г.Берасця. Як нам паведамілі ў гэтай кампетэнтнай арганізацыі, яе заява перададзена кіраўнікам Маскоўскага РАУС г.Берасця і інспекцыі МПЗ па Маскоўскім раёне г.Берасця для праверкі дзеянняў супрацоўнікаў гэтых структураў. Начальнік інспекцыі МПЗ па Маскоўскім раёне г.Берасця Лілія Сіняк вельмі рэзка адрэагавала на скаргу Л.Разановіч.
- Мы неаднаразова яе запрашалі, каб яна падала належныя дакументы на праверку. Але яна нашы просьбы ігнаравала. Як толькі прадпрымальнік падала дакументы, мы тут жа знялі арышт з яе транспартнага сродку...
Але давайце ўдакладнім. Гэтая значная працэдура адбылася 14 красавіка 2008 года. Дарэчы, самі супрацоўнікі ІМПЗ адвезлі гэты дакумент у МРЭА абласнога ДАІ. Дык няўжо трэба было чакаць сігналу з пракуратуры - справа заняла ўсяго адзін дзень, а колькі сышло здароўя і нерваў! Цяжэй было з маёрам міліцыі Анатолем Віктаравічам Латышавым. У ДАІ Берасцейская вобласці дзяжурны адказаў, што такі маёр у іх не працуе. Дзяжурны па Маскоўскім РАУС таксама расчараваў: "Такога афіцэра ў нас не было і няма".
Па ўскоснай інфармацыі, Анатоль Латышаў, маёр міліцыі, быў дастаўлены пакупніцай буса (нагадаем, мянчучкай) ажно са сталіцы! З якой мэтай - можа, запалохаць берасцейку Любоў Разановіч? Але ў такім разе, адкуль у афіцэра міліцыі, чыноўніка ў Менску, службовыя дакументы, народжаныя ў кабінетах інспекцыі МПЗ па маскоўскім раёне г.Берасця? Карацей, нашай пракуратуры ёсць пра што падумаць... А тым часам Любоў Аляксандраўна Разановіч цвёрда вырашыла сысці з бізнэсу. Здароўе важней!