Вязні «Валадаркі», якая рушыцца: Якуб Колас, Міхаіл Марыніч, Аляксандр Казулін, Андрэй Кім (Фота)
5- 2.05.2008, 14:00
СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску працягвае разбурацца. У гэтай турме ў розныя гады сядзела шмат палітзняволеных – пачынаючы ад класіка Якуба Коласа і скончваючы Аляксандрам Казуліным і Андрэем Кімам.
"Згодна заключэнню Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка- культурных краявідаў і тэрыторыяў, які рабіў экспертную адзнаку стану Пішчалаўскага замка, будынак знаходзіцца ў аварыйным стане", паведамілі "Інтэрфаксу" ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў і рэстаўрацыі міністэрства культуры.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, "будынак мае шмат трэшчынаў". Акрамя гэтага, "эксперты адзначылі складаныя гідратэхнічныя ўмовы. Замак, які быў пабудаваны каля 200 год таму, знаходзіцца на насыпным пагорку, мігруючыя падземныя воды размываюць фундамент".
"Будынку патрэбны капітальны рамонт, якога ў замку не было практычна 200 год", адзначылі спецыялісты.
"Заключэнне аб тым, што замак знаходзіцца ў аварыйным стане, было зробленае за месяц да абвалу вежы (20 красавіка 2008 года адбыўся частковы абвал адной з вежаў замка - "ІФ") і перададзенае кіраўніцтву СІЗА", адзначылі ва ўпраўленні.
Пры гэтым яны паведамілі, што "для рашэння пытання з Пішчалаўскім замкам створаная міжведамственная камісія, у якую акрамя прадстаўнікоў Мінкультуры, Менгарвыканкама, архітэктараў, прадстаўнікоў дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, увайшлі і прадстаўнікі міністэрства эканомікі. Рашэнне гэтага пытання – перанясенне СІЗА і капітальны рамонт патрабуе вялікіх фінансаў".
Як раней паведамляў "Інтэрфакс" са спасылкай на часова выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Алега Слепчанку, міжведамственная камісія ў пачатку мая павінная перадаць ва ўрад прапанову аб пераносе СІЗА N1 у Менску.
У міністэрстве культуры Беларусі "Інтэрфаксу" паведамілі, што "будынак у цэнтры Менску на вул. Валадарскага, у якім знаходзіцца СІЗА, якое ў народзе называюць "Валадарка", быў пабудаваны ў 1825 годзе па праекце архітэктара Рудольфа Пішчалы".
Гэта была першая ў Менску каменная турма. "У канструкцыі будынка архітэктар паўтарыў тыповую архітэктуру гатычнага замка. Ян ўяўляе сабой прамавугольны трохпавярховы аб’ём з чатырма круглымі вежамі па кутах, якія заканчваюцца прамавугольнымі зубцамі, замак агароджаны высокай каменнай сцяной", - удакладнілі спецыялісты.
Гісторыкі таксама распавядалі, што "ў канцы 19 - пачатку 20-га стагоддзя ў "Пішчалаўскім замку" пабывала шмат вядомых на Беларусі людзей – паэт і пісьменнік Якуб Колас, драматург Вінцэнт Дуниін- Марцынкевіч.
Нагадаем, што ў СІЗА на Валадарскага ва ўсе гады кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі знаходзілася шмат беларускіх палітзняволеных – Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Михаіл Марыніч, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Валеры Шчукін і шмат іншых. Сёння там утрымліваюцца вязні сумлення Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім.

Пікеты з патрабаваннем вызваліць палітвязняў адбываюцца каля СІЗА на Валадарскага рэгулярна






