З міліцэйскага пратакола: «Заклікаў далучыцца да Еўрапейскага Звяза, чым парушыў артыкул 23.34»
14- 2.05.2008, 13:48
Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу прысуджаны судом Першамайскага раёну да 10 сутак арышту.
У міліцэйскім пратаколе, складзеным у адносінах палітыка, сказана: «размахваў сінім сцягам з жоўтымі зоркамі, заклікаў праз мегафон далучыцца да Еўрапейскага Звяза, чым парушыў артыкул 23.34 КаАП».
Характэрна, што такія ж пратаколы былі складзеныя ў адносінах іншых затрыманых 1 мая актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» -- Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Зміцера Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Максіма Сергійца. Артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях – «парушэнне правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў».
Прысуд Міколу Статкевічу вынес суддзя Юры Гарбатоўскі.
Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзняли на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. У дадатак, дата мае важнае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.
Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПа. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі праз калена, сінія полкі з зоркамі-- адбіралі.
«Лукашэнка не аднойчы запрашаў апазіцыю на афіцыйныя мерапрыемствы. Учора мы прыйшлі на санкцыянаванае ім свята, прыйшлі пад сцягамі Еўразвяза, якія ў Беларусі не забароненыя. У адказ улады прымянілі сілу, амапаўцы пачалі арыштоўваць і збіваць людзей, ірваць еўрапейскія сцягі. Незразумела, як улады будуць будаваць дыялог з Еўропай пры такім стаўленні да еўрапейскіх сімвалаў, пры такім стаўленні да беларусаў, якія выступаюць за супрацоўніцтва краіны з Еўрапейскім Звязам. Такімі дзеяннямі рэжым ставіць крыж на сваіх жа ўласных намаганнях дамовіцца з Еўропай і атрымаць крэдыты ад Захада», -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейскаяя Беларусь» Яўген Афнагель, каментуючы арышты апазіцыянераў, якія адбыліся ў Менску 1 мая.