Расейскі прэм'ер-міністр Пуцін прыедзе ў Менск 23 траўня
8
12:36, — Палітыка
У Менску 23 траўня пройдзе паседжанне Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў-удзельніц СНД. Упершыню ў ім будзе ўдзельнічаць у якасці прэм'ер-міністра экс-прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Па словах прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова, павестка дня нарады надзвычай шырокая і ўключае 20 пытанняў - ад эканамічнага і фінансавага ўзаемадзеяння да праўнага статусу працоўных мігрантаў.
Удзельнікі саміту ў прыватнасці, абмяркуюць прапановы па супрацы ў сферы транспартнай палітыкі, пытанні харчовай бяспекі, праект Канвенцыі аб прымежнай супрацы дзяржаў СНД.
Апрача таго, будзе разгледжаны праект канвенцыі аб праўным статусе працаўнікоў-мігрантаў і іх сямейнікаў. "Асноўнай мэтай праекту з'яўляецца ўрэгуляванне праўнага становішча працаўнікоў-мігрантаў і іх сямейнікаў, рэалізацыя прынцыпу роўнага стаўлення да працаўнікоў- мігрантаў і грамадзян прымальнай дзяржавы ва ўсім, што звязана з умовамі жыцця і працы", - адзначылі ў прэс-службе.
У прэс-службе таксама адзначылі, што "наспела неабходнасць пераходу МТРК "Мір" на поўнамаштабнае тэлевізійнае і радыёвяшчанне ў мэтах паўнавартаснага выканання задачаў інфармацыйнага забеспячэння інтэграцыйных працэсаў у СНД на новым этапе яго развіцця". "Згадваюцца пытанні фінансавання дзейнасці тэлерадыёкампаніі, стварэння тэлевізійнага міждзяржаўнага інфармацыйнага пула і ўзаемнага абмену відэаматэрыяламі пра найважныя грамадска-палітычныя падзеі ў дзяржавах - удзельніцах Садружнасці", - паведамілі ў прэс-службе.
Навіны
па тэме





