Прэзідэнт Туркменістана звольніў намесніка міністра сувязі за слабы інтэрнэт
11:50, — Hi-tech
Прэзідэнт Туркменістана Курбанкулі Бердымухамедаў указам звольніў намесніка міністра сувязі Аналы Бердынабатава за "недахопы ў працы". За некалькі дзён да гэтага чыноўнік атрымаў строгую вымову "за няўчаснае выкананне працаў, звязаных з далейшым укараненнем сістэмы інтэрнэт у Туркменістане".
Дакумент апублікаваны ў аўторак у мясцовых СМІ, перадае "Reuters".
Бердымухамедаў пасля прыходу да ўлады ў 2007 годзе асцярожна выводзіць Туркменістан з самаізаляцыі - абяцаючы забяспечыць доступ да сусветнага павуціння для ўсіх грамадзян багатай на вуглевадароды краіны. Такая пазіцыя выклікала станоўчы рэзананс на Захадзе.
Аднак падлучэнне для фізічных асобаў так і не было адноўлена, а хуткасць і якасць сеткі значна пагоршыліся.
У красавіку прэзідэнт Туркменістана запатрабаваў зрабіць больш дасяжным інтэрнэт у краіне і прапанаваў адкрыць доступ да сусветнага павуціння нават выхаванцам дзіцячых садоў.
Мінсувязі - адзіны правайдэр паслуг тэлефоннага інтэрнэту ў Туркменістане. Расейскі сотавы аператар МТС, які там працуе, раней прапанаваў паслугу бяздротавага інтэрнэт-доступу, аднак пакуль толькі для юрыдычных асобаў.
Хуткім часам МТС плануе прапанаваць доступ да інтэрнэту ўсім карыстальнікам.
У канцы сакавіка міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" апублікавала штогадовы спіс ворагаў інтэрнэту, у якім Туркменістан заняў адзін з першых радкоў.
Праваабаронцы адзначаюць, што пры наведванні інтэрнэт-кавярнаў ужываецца пашпартны кантроль, а шматлікія апазіцыйныя і нават навінавыя сайты падвяргаюцца фільтраванню, нават гуманітарны сайт пры ААН www.irinnews.org.
Навіны
па тэме





