9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа падтрымала незалежную прэсу Беларусі

3

У ратушы Гамбурга (Нямеччына) адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі "Вольная прэса" імя Герда Буцэрыюса. Лаўрэатамі сталі два беларускія выданні - інтэрнэт-газета "Ежедневник" і грамадска-палітычная "Газета Слонимская".

Эксперты з Нямеччыны і мясцовыя назіральнікі адсочваюць сітуацыю са свабодай СМІ ў краінах Усходняй Еўропы і вылучаюць кандыдатаў на атрыманне прэміі "Свабодная прэса Усходняй Еўропы". Прэмія імя Герда Буцэрыюса ўручаецца штогод фондам "Цайт" (ZEIT-Stiftung) сумесна з нарвежскім фондам "Свабода слова" (Fritt Ord), паведамляе "Немецкая волна".

Сёлета з 46 кандыдатур 9 былі з Беларусі. Па выніках галасавання лаўрэатамі былі прызнаны два беларускія выданні - інтэрнэт-газета "Ежудневник" і грамадска-палітычная "Газета Слонимская", адзінае з нязнішчаных уладамі незалежных друкаваных выданняў у Гарадзенскай вобласці. Апошняя была прызнана лепшай за асвятленне падзеяў у рэгіёне.

Прэмію "Свабода слова" галоўны рэдактар "Газеты Слонимскай" Віктар Валадашчук назваў заслугай усяго калектыву - "пачынаючы ад рэдактара і сканчаючы распаўсюднікамі, якія сёння прадаюць газету на вуліцах, нягледзячы на тое, што ўлады іх увесь час штурхаюць, праганяюць з тых месцаў, дзе яны газету прадаюць".

Між тым, кажа Віктар Валадашчук, газета будзе па-ранейшаму выходзіць, а наяўныя праблемы калектыў паспрабуе вырашыць. "З улікам таго, што цяпер мы атрымліваем масу водгукаў ад нашых чытачоў, іх словы мусяць быць пачутыя тымі кіраўнікамі, начальствам, якое імкнецца ціснуць на нас, і спрабуе газету зачыніць".

Галоўны рэдактар беларускага інтэрнэт-выдання "Ежедневник" Сяргей Сацук лічыць, што ва ўмовах, калі ўлады ў любы момант могуць зачыніць друкаванае выданне, менавіта інтэрнэт-версія штодзённай газеты - рэальная магчымасць прабіцца да чытача.

"Электронная газета "Ежедневник" - гэта новы для Беларусі фармат газеты, што робіцца цалкам як звычайная газета, але распаўсюджваецца сярод падпісантаў па электроннай пошце", - распавядае Сяргей Сацук.

На яго думку, той факт, што "Ежедневник" узнагародзілі прэміяй, сведчыць, што "праект паспяховы не толькі ў Беларусі, але і прызнаны ў Еўропе".

Прэмія "Свабодная прэса Усходняй Еўропы 2008" прысуджана тром газетам, аднаму інтэрнэт-парталу і траім журналістам - з Расеі, Беларусі і Азербайджана.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках