9 чэрвеня 2026, aўторак, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прэзентавалі «Еўраслоўнік» на 28 мовах (Фота)

4

Прэзентацыя 28-моўнага "Еўраслоўніка" лідэра Партыі БНФ, кандыдата філалагічных навук Лявона Баршчэўскага прайшла 20 мая ў Менску.

Гэта 704-старонкавае даведкавае выданне (на беларускай, лацінскай, ангельскай, балгарскай, венгерскай, грэчаскай, дацкай, ірландскай, ісландскай, іспанскай, італьянскай, латышскай, літоўскай, мальтыйскай, нарвежскай, нідэрландскай, нямецкай, партугальскай, польскай, румынскай, славацкай, славенскай, фінскай, французскай, харвацкай, чэшскай, швецкай і эстонскай мовах) уключае 100 тыс. адзінак перакладу. У першую частку слоўніка ўвайшлі беларускія лексічныя адзінкі, перакладзеныя на лацінскую і 26 іншых еўрапейскіх моваў, у другую — некаторыя лексічныя запазычанні і выклічнікі, у трэцюю — беларуска-лацінскі слоўнічак рэлігійных, біялагічных, медыцынскіх, хімічных і іншых тэрмінаў, у чацвертую — некаторыя беларускія прыказкі, прымаўкі і выслоўі. У дадатак да выдання ўключаныя колькасныя і парадкавыя лічэбнікі, паведамляе БелаПАН.

Распачынаючы прэзентацыю, Л.Баршчэўскі адзначыў, што ідэя слоўніка нарадзілася ў канцы 2003 года ў сувязі з вострым дэфіцытам у краіне беларуска-замежных і замежна-беларускіх слоўнікаў. Па ягоных словах, спачатку было вырашана зрабіць слоўнік на беларускай мове і 23 мовах краін Еўразвяза. "Затым я палічыў, што нельга абыйсці нарвежску, ісландсую і харвацкую мовы. Акрамя таго, было вырашана ўлучыць у слоўнік лацінскую мову, якая ў мінулым была адной з дзяржаўных моваў Вялікага княства Літоўскага", — сказаў навуковец.

Па словах прафесара Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Алены Таболіч, у слоўніку прыцягвае паслядоўнасць і наяўнасць шматлікіх дадаткаў, што нашмат пашырае магчымасці выдання. Па ейных словах, слоўнік чытаецца з задавальненнем, як мастацкая кніга. Як лічыць А.Таболіч, найбольш запатрабаваным слоўнік стане для выкладчыкаў і студэнтаў МДЛУ, якія выконваюць супастаўляльныя даследаванні.

Філолаг і педагог Вінцук Вячорка назваў Л.Баршчэўскага "выбітным мовазнаўцам і арганізатарам, які паспеў выдаць слоўнік да свайго 50-годдзя і 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прадставіць гэтае выданне ў Еўрапарламенце". Па словах В.Вячоркі, слоўнік з'яўляецца "беспрэцэдэнтным выданнем па колькасці моваў і глыбока ўкарэненым у лексікаграфічную традыцыю рэгіёна". Наяўнасць у слоўніку лацінскай мовы і адсутнасць рускай мовы В.Вячорка назваў "пераадоленнем стэрэатыпаў".

Фота Bymedia.net

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках