У Грузіі на выбарах перамагае кіруючая партыя
- 22.05.2008, 8:45
Кіруючая партыя "Адзіны нацыянальны рух" набірае на парламенцкіх выбарах у Грузіі 59,78% галасоў выбарцаў, блок "Аб'яднаная апазіцыя" пакуль атрымлівае 15,42%.
Такія звесткі публікуе сайт ЦВК пасля апрацоўкі бюлетэняў з 409 участкаў, паведамляе РИА Новости.
Таксама пакуль пяціадсоткавы бар'ер, неабходны, каб прайсці ў парламент, пераадольваюць "Хрысціян-дэмакратычны рух" (8,46%) і "Лейбарысцкая партыя" (7,12%).
Яўка выбарцаў склала пад 55%.
Раней былі апублікаваны вынікі exit polls, паводле якіх "Адзіны Нацыянальны Рух" атрымаў абсалютную большасць галасоў - больш за 63%, а "Аб'яднаная апазіцыя" набрала крыху болей за 14%. Хрысціян-дэмакратычная партыя, паводле даследавання, набірала 9,1% галасоў, а Лейбарысцкая партыя - 5,8%.
Пасля апублікавання вынікаў апытанняў адзін з лідэраў "Аб'яднанай апазіцыі" Гія Тартладзэ заявіў, што, калі вынікі Цэнтравыбаркаму будуць такімі ж, як і вынікі exit polls, "улады абавязкова атрымаюць народнае паўстанне".
Прадстаўнікі "Аб'яднанай апазіцыі" на мітынгу ў ноч на чацвер у Тбілісі абвясцілі, што, паводле папярэдніх звестак альтэрнатыўнага падліку галасоў на падставе пратаколаў з выбарчых участкаў, блок перамагае на парламенцкіх выбарах у Грузіі з вынікам больш чым 33% галасоў. Па звестках апазіцыі, кіруючая партыя "Адзіны нацыянальны рух" ідзе на другім месцы з 30,2% галасоў.